Праваабаронцы заклікаюць спыніць затрымліваць, ужываць сілу і спецсродкі ў дачыненні да мірных грамадзян

10.08.2020

Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

Мінск, 10.08.2020

Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, выказваем рашучы пратэст у сувязі з дзеяннямі сілавых структур у дачыненні да мірных дэманстрантаў.

Права выказаць меркаванне на мірных сходах з'яўляецца адным з найважнейшых правоў чалавека. У Беларусі няма эфектыўных механізмаў для рэалізацыі права на мірныя сходы, няма сумленных і свабодных выбараў, эфектыўнай працэдуры абскарджання парушаных правоў. Адзінай магчымасцю выказаць пратэст з'яўляюцца мітынгі і дэманстрацыі.

Выхад людзей на вуліцы беларускіх гарадоў быў выкліканы выключна нязгодай з дзеяннямі ўладаў падчас выбарчай кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якая з самага пачатку праходзіла ў атмасферы страху і запалохвання.

Мы асуджаем непрапарцыйнае прымяненне сілы супрацоўнікамі праваахоўных органаў 9 і 10 жніўня, выкарыстанне спецыяльных сродкаў у адносінах да мірных дэманстрантаў.

Мы ўскладаем на ўладу і праваахоўныя органы ўсю адказнасць за тое, што адбылося. Адначасова мы заклікаем да больш хуткай дээскалацыі канфлікту.

Мы хочам яшчэ раз падкрэсліць, што выкарыстанне сілы, разгон сходаў і затрыманне іх удзельнікаў без разумнага абгрунтавання з'яўляецца недапушчальным абмежаваннем права на мірныя сходы і правы на выказванне меркавання.

Адзначаем, што любы гвалт немінуча прыводзіць да зваротнай рэакцыі, якая можа быць непрадказальнай і некантраляванай. У сувязі з гэтым мы ў чарговы раз заклікаем супрацоўнікаў міліцыі, вайскоўцаў і супрацоўнікаў іншых органаў і падраздзяленняў, якія былі задзейнічаныя ў разгонах мірных дэманстрацый, да стрыманасці і непрымянення гвалту і зброі.

Мы заклікаем спыніць затрымліваць, ужываць сілу і спецсродкі да людзей, якія выходзяць на вуліцы гарадоў для мірнага выказвання пратэсту.

Звяртаем увагу, што ў тых беларускіх гарадах, дзе супрацоўнікі праваахоўных органаў адмовіліся ад прымянення гвалту да мірных пратэстоўцаў, дэманстрацыі і выступленні людзей прайшлі мірна.

Мы занепакоеныя паведамленнямі аб як мінімум адной ахвяры начных сутыкненняў, а таксама аб сур'ёзных траўмах, прычыненых мірным грамадзянам светла-шумавымі гранатамі і гумовымі кулямі, якія без важкіх падстаў выкарыстоўваліся на вуліцах Мінска і іншых гарадоў. У сувязі з гэтым мы патрабуем праваахоўныя органы адмовіцца ад падобнай практыкі.

Мы таксама заклікаем органы аховы здароўя і медыкаў даць поўную і дакладную інфармацыю аб колькасці ахвяр і пацярпелых у сутыкненнях і ў далейшым інфармаваць пра гэта грамадскасць і СМІ. Нагадваем пра тое, што ў адпаведнасці з арт. 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь грамадзянам гарантуецца права на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў.

Хочам нагадаць, што падчас крызіснай сітуацыі, звязанай з пандэміяй COVID-19, валанцёры з ліку звычайных грамадзян аператыўна аказалі неабходную дапамогу беларускім медыкам у забеспячэнні іх сродкамі індывідуальнай абароны.

Мы патрабуем ад следчых органаў і органаў пракуратуры аб'ектыўнага і бесстаронняга расследавання ўсіх фактаў прымянення сілы і спецыяльных сродкаў у дачыненні да мірных дэманстрантаў, а таксама прычын і ўмоў, якія прывялі да таго, што здарылася.

І, нарэшце, мы звяртаемся да шараговых супрацоўнікаў праваахоўных органаў з заклікам адмовіцца ад выканання загадзя злачынных загадаў і распараджэнняў па ўжыванні непрапарцыйнай сілы да мірных дэманстрантаў.

На дадзены момант заяву падпісалі:

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт";

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

РГА "Прававая ініцыятыва".