UPD на 14.06.22.Telegram цалкам выдаліў каналы "Жоўтыя слівы" і "Вашы слівы", якія парушалі правы чалавека. У пачатку чэрвеня каналы былі заблакаваныя ў мабільным дадатку.
Беларускі Хельсінкскі камітэт звярнуўся да кіраўнікоў Telegram, Apple, Google з просьбай адрэагаваць на факты парушэння правоў дзяцей у беларускім сегменце Telegram каналамі, афіляванымі з дзяржавай. Гаворка ідзе аб практыцы публікацыі "пакаянных" відэа, удзельнікамі якіх з'яўляюцца дзеці.
Раней інфармацыю аб практыцы публічных арыштаў падлеткаў і публікацыі падобных відэа Беларускі Хельсінкскі камітэт накіраваў Спецыяльным дакладчыкам ААН па пытанні аб катаваннях, па пытанні аб свабодзе меркаванняў і іх свабодным выказванні, па пытанні аб праве на здароўе, па праве на недатыкальнасць прыватнага жыцця і па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
У сваіх зваротах праваабаронцы падкрэсліваюць зневажальны годнасць і траўміруючы характар гэтых практык. Дзеці - вельмі ўразлівая група, што ўзмацняе негатыўны ўплыў такіх "публічных экзэкуцый". На відэа бачна, што падлеткі відавочна напалоханыя, можна меркаваць, што на іх аказваўся ціск. Такая практыка можа пакінуць глыбокі след у псіхаэмацыйным стане дзіцяці, а таксама іншых дзяцей, якія стануць сведкамі інцыдэнту ці ўбачаць відэа.
У студзені 2022 года Беларускі Хельсінкскі Камітэт ужо звяртаўся да Telegram, Apple, Google у сувязі з распаўсюджваннем беларускімі ўладамі праз Telegram матэрыялаў, якія парушаюць правы чалавека і змяшчаюць радыкальныя формы распальвання нянавісці да ЛГБТК-людзей. Большасць названых намі матэрыялаў былі выдаленыя з Telegram.
Звароты да бізнэса падрыхтаваны ў межах стандартаў бізнеса і правоў чалавека. Падрабязнее пра тэму - тут.