Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, рашуча пратэстуем супраць прэвентыўных затрыманняў актывістаў па ўсёй краіне напярэдадні масавых мерапрыемстваў у гонар стагоддзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама падчас і пасля правядзення мірных сходаў. Паводле звестак праваабаронцаў, 25 сакавіка супрацоўнікі органаў унутраных спраў затрымалі не менш як 110 чалавек. У дачыненні як мінімум 12 чалавек у г. Мінску былі складзены пратаколы па арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў). Яны могуць быць арыштаваны.
Мы ў чарговы раз нагадваем, што забеспячэнне свабоды сходаў, гарантаванай Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канстытуцыяй, з'яўляецца палітычным абавязацельствам дзяржавы.
Мы асабліва занепакоеныя пераследам журналістаў у сувязі з ажыццяўленнем прафесійнай дзейнасці. Такіх фактаў зафіксавана не менш за сем, у тым ліку пяцёра журналістаў былі затрыманыя ў часе асвятлення мірнага сходу на плошчы Якуба Коласа ў Мінску.
У сувязі з ажыццяўленнем маніторынгу правядзення запланаванага шэсця на пл. Якуба Коласа затрыманыя 8 назіральнікаў сумеснай службы назірання РПО «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і Праваабарончага цэнтра "Вясна". Мы лічым недапушчальным пераслед праваабаронцаў у сувязі з ажыццяўленнем iмi мірнай дзейнасці па маніторынгу мірнага сходу.
Нагадваем, што праваабарончая дзейнасць павінна гарантавацца дзяржавай у адпаведнасці з Дэкларацыяй аб праве і абавязках асобных асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, зацверджаныя рэзалюцыяй 53/144 Генеральнай Асамблеяй ААН ад 9 снежня 1998 года.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, патрабуем ад уладаў:
- неадкладнага вызвалення прэвентыўна затрыманых актывістаў;
- спынення практыкі ціску, затрыманняў і прыцягненняў да адміністрацыйнай адказнасці ўдзельнікаў мірных сходаў;
- забеспячэння журналістам і праваабаронцам магчымасцяў бесперашкодна і без пагроз ажыццяўляць прафесійную дзейнасць;
- спынення адміністрацыйных спраў у дачыненні да праваабаронцаў.
РГА «Прававая ініцыятыва»
Праваабарончы цэнтр "Вясна"
Беларускі дом правоў чалавека ім. Б. Звозскава
Установа "Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман Канстанта"
Асветніцкая ўстанова "Цэнтр прававой трансфармацыі"
Экспертна-прававое таварыства "Ініцыятыва FORB»
ПУ «Беларускі дакументацыйны цэнтр»
Ініцыятыўная група "Ідэнтычнасць і права"
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт"