Пра нас

Дысклеймер

Cуд Чыгуначнага раёна г. Гомеля 7 чэрвеня 2024 года прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі гэты сайт і старонку БХК у Facebook. Мы разглядаем гэта няйначай як адвольнае абмежаванне нашага права займацца праваабарончай дзейнасцю, у прыватнасці права распаўсюджваць інфармацыю і веды аб правах чалавека і механізмах іх абароны. Гэтым жа рашэннем дзяржава абмяжоўвае і права нашых карыстальнікаў атрымліваць тыя ж інфармацыю і веды. 

Рэкамендацыі па бяспецы для карыстальнікаў

Місія

Беларускі Хельсінкскі Камітэт працуе дзеля таго, каб рэанімаваць сэнсы правоў чалавека і каб правы чалавека былі ўключаны ва ўсе сферы жыцця.

 

 

Нашы мэтавыя аўдыторыі

НДА. Мы дапамагаем грамадскім арганізацыям і ініцыятывам дадаць ("адкрыць") аспект правоў чалавека ў сваю працу. #сумесныя даклады ў міжнародныя механізмы #сумесная дапамога мэтавым аўдыторыям #human rights based approach #database. Больш інфармацыі.
 
Бізнэс. Мы дапамагаем бізнэсу разабрацца ў тэме "бізнэс і правы чалавека" і даем базавы інструментар для ўкаранення належных падыходаў у працэсы і прадукты. Дапамагаем інвестарам зразумець краінавы кантэкст у тэме "бізнэс і правы чалавека". #due diligence #гайдлайны #навучанне для кампаній #аналітыка сітуацыі ў краіне. Больш інфармацыі.
 
Прафесійная прававая супольнасць (адвакаты, юрысты, студэнты, якія вывучаюць права). Мы абараняем прафесійную супольнасць, выкарыстоўваючы міжнародныя механізмы, распрацоўваем навучальныя і асветніцкія матэрыялы, арганізуем праграму стажыровак для студэнтаў. Некаторыя матэрыялы для МА: відэаблогі "Рэанімацыя сэнсаў", дапаможнік “Производство по делу об устранении в нормативных правовых актах пробелов, исключений в них коллизий и правовой неопределенности”, рэкамендацыі беларускіх НДА аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у праект "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях удасканалення дзейнасці адвакатуры».
 
Людзі. Мы распрацоўваем памяткі па найбольш вострых або заблытаных пытаннях. Нашы юрысты бясплатна кансультуюць грамадзян па пытаннях, якія тычацца парушэння правоў чалавека, рыхтуюць экспертныя заключэнні amicus curiae для суда.
 
 
 

Галоўныя тэмы

Аналітыка трэндаў і палітыкі па правах чалавека ў Беларусі і рэгіёне, дыскрымінацыя, бізнес і правы чалавека, падыход, заснаваны на правах чалавека (human rights based approach), міжнародныя праваабарончыя механізмы, сацыяльна-эканамічныя правы.
 
 

Ключавыя прадукты

Нацыянальны індэкс правоў чалавека. Гэты індэкс стварае група экспертаў грамадзянскай супольнасці пад агульнай каардынацыяй Беларускага Хельсінкскага Камітэта. Мы прыводзім агульную ацэнку сітуацыі з правамі чалавека і па трох катэгорыях (сацыяльна-эканамічныя правы, грамадзянска-палітычныя правы і агульныя меры ў галіне правоў чалавека) ацэньваем канкрэтныя правы, іх кампаненты і індыкатары ідэальнай сітуацыі. Мы робім гэты індэкс дзеля трох рэчаў: 1) каб зацікаўленыя прафесіяналы маглі хутка ацаніць агульную сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, а не збіраць інфармацыю па разрозненых крыніцах; 2) каб паказаць, як змяняецца сітуацыя; 3) па сутнасці індэкс паказвае накірунак рэформ у галіне правоў чалавека, у якіх мае патрэбу наша краіна.
 
Агляд "Правы чалавека ў Беларусі: асноўныя тэндэнцыі дзяржаўнай палітыкі". У гэтым аглядзе мы асвятляем найбольш значныя змены ў беларускай дзяржаўнай палітыцы ў галіне правоў чалавека і рэакцыях на яе з боку міжнароднай супольнасці па трох кірунках: агульныя меры: сістэмныя рэчы — заканадаўства, стратэгіі, палітыкі, якія ў цэлым вызначаюць умовы і перадумовы рэалізацыі правоў чалавека ў краіне; правапрымяняльная практыка: канкрэтныя парушэнні грамадзянскіх і палітычных, сацыяльных, эканамічных і культурных правоў; ключавыя рашэнні і рэакцыі міжнародных структур, звязаныя з сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Наша аналітыка дапаможа лепш зразумець трэнды ў галіне правоў чалавека, дасць магчымасць адсочваць сістэмныя і якасныя змены сітуацыі, пашырыць правачалавечны фокус аналітыкі ў сумежных галінах (палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай сферы і г.д.), будзе карыснай для выпрацоўкі стратэгій і пазіцый.
 
Database па стандартах правоў чалавека для юрыстаў і менеджэраў праектаў. Рэсурс эканоміць час і дапамагае хутка зарыентавацца ў міжнародных стандартах правоў чалавека па ключавых запытах. Дапамагае хутка нарасціць пачатковую экспертызу па неабходным аспекце правоў чалавека, узмацніць юрыдычны дакумент (скаргу, заяву) рэлевантнымі міжнароднымі стандартамі правоў чалавека, пры гэтым такой інфармацыі няма ў папулярных прафесійных базах. Дапамагае менеджэрам праектаў і прадстаўнікам дзяржаўных органаў зарыентавацца ў правах чалавека і кантэксце ў дачыненні да Беларусі.
 
Гайдлайны па бізнесе і правах чалавека. Дапамагаюць бізнэсу хутка разабрацца ў тэме "бізнэс і правы чалавека" і даюць базавы інструментар для ўкаранення належных падыходаў у бізнес-працэсы.
 
Усе нашыя аналітычныя матэрыялы – у раздзеле “дакументы”.
 
 

Прынцыпы дзейнасці

Мы дзейнічаем на падставе наступных этычных прынцыпаў і распрацоўваем працэсы і прадукты з улікам падыхода, заснаванага на правах чалавека (human rights based approach).

Таксама ў сваёй працы кіруемся дадзеным кіраўніцтвам па вызначэнні палітычных зняволеных.

 

Дадатковая інфармацыя

Арганизацыя  — удзельнік Кантактнай групы СЕ па супрацоўніцтве з беларускім грамадствам.

Арганізацыя мае кансультатыўны статус пры ЭКАСАС ААН (з ліпеня 2022 г.).

Былы кіраўнік арганізацыі Алег Гулак — лаўрэат Франка-нямецкай прэміі "За правы чалавека і вяршэнства закона".