
БХК накіраваў Спецыяльнаму дакладчыку ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі інфармацыю пра сістэматычныя парушэнні працоўных правоў у краіне. Дакумент звяртае ўвагу на пагаршэнне сітуацыі з правам на працу з 2020 года: агульная рэпрэсіўная палітыка дзяржавы закранае ў тым ліку магчымасці рэалізацыі сацыяльна-эканамічных правоў.
Мы адзначаем сістэматычнае злоўжыванне механізмамі ціску на работнікаў, якія існавалі і да 2020 году – у тым ліку сістэмай тэрміновых працоўных дамоваў, адміністрацыйным ўмяшаннем ў кадравую палітыку прадпрыемстваў і ўвядзеннем пасад «намеснікаў па бяспецы» ў дзяржаўных арганізацыях. Гэтыя і іншыя механізмы дазваляюць уладам адвольна ўмешвацца ў працэс найму і звальнення супрацоўнікаў.
З 2020 года назіраюцца масавыя палітычна матываваныя звальненні, падставай для якіх становіцца ўдзел у пратэстах, подпіс за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў на выбарах, узаемадзеянне з кантэнтам, які адвольна прызнаны «экстрэмісцкім», і іншыя сведчанні «ненадзейнасці» супрацоўнікаў.
Акрамя таго, у многіх сферах захоўваецца практыка вядзення «чорных спісаў», што перашкаджае паўторнаму працаўладкаванню людзей, якія аднойчы былі прызнаныя «ненадзейнымі». Мы таксама адзначаем паступовае скарачэнне магчымасцяў працаўладкавання для асоб, якія раней абвінавачваліся ў здзяйсненні «экстрэмісцкіх» злачынстваў, і з'яўленне новых палітычна матываваных фільтраў у шэрагу прафесій (напрыклад, новыя патрабаванні для педагогаў, экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў — і нават касманаўтаў).
Такія практыкі парушаюць, апроч іншых, права на працу, у тым ліку роўны доступ да працы і забеспячэнне справядлівых і спрыяльных умоў працы без дыскрымінацыі. Яны не толькі пазбаўляюць асобныя групы грамадзян доступу да прафесіі па іх выбары і выключаюць іх з публічнай сферы, але і пагаршаюць доступ насельніцтва да кваліфікаваных спецыялістаў і базавых паслуг, у тым ліку да якаснай аховы здароўя, адукацыі, прававой дапамогі — і іншых сфер.
Для больш дэталёвага аналізу сітуацыі з рэалізацыяй права на працу можна звярнуцца да экспертных каментарыяў да ацэнкі для Нацыянальнага індэксу правоў чалавека.