Назіранне за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» і ПЦ «Вясна» ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
ВЫСНОВЫ
- ТВК і АВК з’яўляюцца важным механізмам выбарчага працэсу, які істотна ўплывае на правядзенне свабодных і дэмакратычных выбараў;
- большасць назіральнікаў кампаніі мелі магчымасць бесперашкодна прысутнічаць на пасяджэннях органаў, якія ўтваралі ТВК і АВК, толькі пяць з іх сутыкнуліся з перашкодамі на першых пасяджэннях камісій;
- усе суб’екты, якія вылучалі сваіх прадстаўнікоў у склад ТВК і АВК, мелі магчымасць прадаставіць неабходныя дакументы ў органы, якія фарміравалі камісіі, прысутнічаць на іх пасяджэннях;
- на пасяджэннях органаў у большасці выпадкаў абмяркоўвалі дзелавыя і асабістыя якасці вылучаных у склад выбарчых камісій, праводзілі персанальнае галасаванне; адзначаюцца дыскрымінацыйныя падыходы пры агучванні характарыстык кандыдатаў, вылучаных ад апазіцыйных партый і рухаў;
- большасць прадстаўнікоў у склад АВК (49,4%) і ТВК (43,6%) былі вылучаныя грамадскімі аб’яднаннямі; 12 палітычных партый, уключна з пяццю апазіцыйнымі, вылучылі 25,0 % прадстаўнікоў у ТВК і 17,6% у АВК; ад пяці апазіцыйных партый у склад камісій было вылучана усяго 146 чалавек, што складае 38,9% ад вылучаных усімі палітычнымі партыямі;
- адсутнасць у выбарчым заканадаўстве гарантый уключэння ў склад выбарчых камісій прадстаўнікоў, вылучаных усімі палітычнымі суб’ектамі, якія прымаюць удзел у выбарах, як і раней, робіць магчымым адвольны і дыскрымінацыйны падыход у дачыненні да апазіцыйных партый і рухаў;
- доля прадстаўнікоў палітычных партый у складзе ТВК і АВК застаецца па-ранейшаму нязначнай (25% і 17,6% адпаведна) у параўнанні з доляй прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў (43,6% і 49,4% адпаведна);
- асноўнымі арганізатарамі выбараў, як і раней, з’яўляюцца прадстаўнікі пяці найбуйнейшых праўладных грамадскіх аб’яднанняў і прафсаюзаў, што ўваходзяць у ФПБ, да якіх сёлета далучыўся Беларускі фонд міру; працэнт праходнасці вылучаных імі прадстаўнікоў у склад камісій складае 92,8% у ТВК і 93,6% у АВК;
- традыцыйна нізкім застаецца працэнт праходнасці ў склад камісій прадстаўнікоў апазіцыйных партый – 18,75 % ад вылучаных у ТВК і 21,2 % у АВК; працэнт праходнасці ў склад камісій ад трох апазіцыйных грамадскіх аб’яднанняў (ГА БНФ “Адраджэнне”, ГА “Рух за Свабоду” і ГА “Гавары праўду”), якія таксама вылучалі сваіх прадстаўнікоў у склад камісій, складае 0% у ТВК і 2,8 % у АВК;
- агульная колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партый і аб’яднанняў ва ўсіх створаных выбарчых камісіях разам складае 2,5% ад усіх сябраў камісій.