Назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца актывістамі РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары».
АГУЛЬНЫЯ ВЫСНОВЫ
- Працягваецца збор подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты. Для рэгістрацыі кандыдата яго ініцыятыўныя групы павінны сабраць да 21 жніўня ўключна не менш за 100 тысяч подпісаў. ТВК вядуць прыём дакументаў для вылучэння у склад участковых выбарчых камісій.
- Назіральнікі адзначаюць надзвычай спакойны характар выбарчай кампаніі: актыўнасць суб’ектаў выбарчага працэсу назіраецца ў асноўным у абласных цэнтрах і вялікіх гарадах, выбаршчыкі не выяўляюць выразнага інтарэсу да працэсу збору подпісаў, сябры ініцыятыўных груп апазіцыйных кандыдатаў не маюць істотных перашкод у своей працы.
- Практычна паўсюдна адбываецца выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурса з мэтай збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам дзейснага прэзідэнта.
ЗБОР ПОДПІСАЎ
Назіральнікі адзначаюць у цэлым невысокую актыўнасць ініцыятыўных груп у зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. У рэгіёнах яна праяўляецца нераўнамерна: у асобных месцах знізілася, у іншых – застаецца высокай.
У г. Бабруйску актывісты АГП, сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада", "Справядлівы свет", кампаніі "Гавары праўду!" штодня ладзяць пікеты па зборы подпісаў. У Гомельскай вобласці ініцыятыўныя групы практычна не зніжаюць актыўнасці. Мясцовыя ўлады, як адзначаюць назіральнікі, для прыцягнення ўвагі да выбарчай кампаніі, ладзяць ў раёне пікетаў невялікія забаўляльныя мерапрыемствы – выступленні дзіцячых творчых калектываў і інш.
Паступае шмат інфармацыі аб тым, што на прадпрыемствах краіны супрацоўнікаў у працоўны час вымушаюць падпісвацца ў падтрымку А. Лукашэнкі. Напрыклад, гэта адбывалася ў цэхах Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі, на Добрушскім фарфоравым заводзе, Добрушскай папяровай фабрыцы і Добрушскім хлебазаводзе (газета «Добрушскі край» ад 12 жніўня змяшчае артыкул з фотаздымкам). На прадпрыемстве БЕЛАЗ (Жодзіна) прадстаўнікі адміністрацыі ў працоўны час таксама збіраюць подпісы ў падтрымку прэзідэнта. На заводзе "Нафтан" (Наваполацк), на прадпрыемстве “Палессеэлектрамаш” (Лунінец) – аналагічная сітуацыя. Зборшчыкі подпісаў, сярод якіх і прадстаўнікі адміністрацыі, маюць падпісныя лісты з ужо цалкам запоўненымі графамі асабістых дадзеных. Калі людзі катэгарычна адмаўляюцца, іх спрабуюць угаварыць, спасылаючыся на даведзены план па збору подпісаў. Падобныя факты адзначаны ў Бабруйску, Магілёве, Крычаве, на прадпрыемстве «Смалявіцкая бройлерная птушкафабрыка» і інш.
Некаторыя сябры ініцыятыўных груп актыўна выкарыстоўваюць выбарчую кампанію для прыцягнення ўвагі да палітычных праблем. У г. Бабруйску ў дзень нараджэння Мікалая Статкевіча сябры ініцыятыўных груп Анатоля Лябедзькі і Таццяны Караткевіч апранулі футболкі з выявай палітыка, размясцілі яго партрэты на сваіх стэндах, у размовах з гараджанамі паведамлялі пра асобу гэтага палітвязня Беларусі.
Найбольшай дэманстратыўнасцю вызначаецца кампанія па збору подпісаў за вылучэнне Анатоля Лябедзькі. Яшчэ 4 жніўня сябры ініцыятыўнай групы палітыка арганізавалі пікет насупраць цэнтральнага будынка КДБ у г. Мінску, на якім раздавалі партыйныя агітацыйныя матэрыялы, выказвалі патрабаванні вызваліць палітвязняў. 12 жніўня Мінская гарадская ТВК папрасіла кіраўніка ініцыятыўнай групы Анатоля Лябедзькі Віктара Карняенку не распаўсюджваць агітацыйную інфармацыю і не парушаць закон. Зварот камісіі не змяніў пазіцыю штаба кандыдата ад АГП, але прававых наступстваў пакуль не ўзнікла. Старшыня АГП і патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Анатоль Лябедзька заявіў, што пры ўмове рэгістрацыі ён здыме сваю кандыдатуру на апошнім этапе выбараў[1].
ДЗЕЙНАСЦЬ ВЫБАРЧЫХ КАМІСІЙ
Гомельская абласная ТВК разгледзела скаргу сябра ініцыятыўнай групы С. Калякіна Віктара Хоміча на адміністрацыю рынка “Прудкоўскі” па факту забароны збору подпісаў, які адбыўся 29 ліпеня. На пасяджэнні прысутнічалі кіраўнікі ўсіх ТВК раёнаў г. Гомеля і прадстаўнік кіраўніцтва рынка. У выніку камісія вынесла папярэджанне дырэктару рынка Міхаілу Гаўрычэнка і патлумачыла прысутным на пасяджэнні асобныя палажэнні выбарчага заканадаўства. Камісія таксама пастанавіла раённым ТВК узмацніць працу па тлумачэнні выбарчага заканадаўства.
15 жніўня старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ўзяла ўдзел у 6-й пазачарговай рэспубліканскай канферэнцыі Беларускага саюза жанчын, сябрам прэзідыума якога яна з’яўляецца. У выступленні для журналістаў яна асвятліла некаторыя пытанні правядзення выбараў, у прыватнасці, заявіла, што выбарчая кампанія ідзе “даволі спакойна”: паступае нязначная колькасць скаргаў. Старшыня ЦВК падкрэсліла, што дзеянні некаторых ініцыятыўных груп маюць правакацыйны характар і скіраваны на тое, каб іх кандыдатаў са скандалам знялі. Паводле БЕЛТА, мерапрыемства Беларускага саюза жанчын, якое адбылося 15 жніўня, было скіравана на пацверджанне грамадска-палітычнай пазіцыі гэтай арганізацыі, якая цалкам супадае з цяперашнім курсам беларускіх улад. На будучых выбарах Беларускі саюз жанчын падтрымае А. Лукашэнка[2].
Дэманстрацыйны ўдзел старшыні ЦВК у рабоце арганізацыі, якая публічна ставіць мэту падтрымкі на выбарах аднаго з кандыдатаў, не адпавядае прынцыпу незалежнасці ЦВК – органа, адказнага за правядзенне выбараў.
ПЕРАШКОДЫ Ў НАЗІРАННІ
Як адзначаюць удзельнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ў рэгіёнах, шмат дзе ТВК неахвотна ідуць на кантакт з назіральнікамі. У ТВК ім не дазваляюць прысутнічаць пры прыёме і праверцы падпісных лістоў, уся бягучая праца камісіі фактычна непразрыстая. У ТВК Партызанскага раёна г. Мінска, ТВК Ленінскага і Кастрычніцкага раёна г. Гродна, а таксама ў ТВК Брэста, Жодзіна назіральнікі сутыкаюцца з перашкодамі з боку старшынь і сяброў камісій.
Пры гэтым ёсць і выключэнні: сакратар Магілёўскай раённай ТВК паведамляе дакладную інфармацыю пра колькасць сабраных подпісаў, час правядзення пасяджэнняў камісіі. Назіральнікі ТВК Ленінскага раёна г. Бабруйска таксама атрымліваюць неабходныя звесткі.
У ТВК ідзе актыўны працэс акрэдытацыі назіральнікаў. Напрыклад, у Віцебскай вобласці тэрытарыяльнымі камісіямі акрэдытаваныя ў якасці назіральнікаў 76 чалавек, з якіх больш за 85 % – прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў. Найбольш актыўна вылучаюць сваіх прадстаўнікоў БРСМ, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, грамадскае аб'яднанне ветэранаў, РГА "Белая Русь".
АДЛЮСТРАВАННЕ ВЫБАРЧАГА ПРАЦЭСУ Ў СМІ
У СМІ Беларусі шырока прадстаўлена інфармацыя пра дзейнасць кіраўніка дзяржавы. У прыватнасці, дзяржаўныя рэспубліканскія і мясцовыя СМІ шмат асвятлялі візіт Аляксандра Лукашэнкі 14 жніўня на «Мінскі завод колавых цягачоў» і яго выступленне для журналістаў.
Раённыя газеты перадрукоўваюць пераважна інфармацыйныя матэрыялы БелТА пра ход выбарчай кампаніі, выказванні сяброў ЦВК. Вялікая ўвага надаецца ўборцы ўраджаю ў раёнах.
Рэгулярна асвятляецца выбарчая актыўнасць ініцыятыўных груп Аляксандра Лукашэнкі, адкрыта і ўскосна ўхваляецца дзейнасць кіраўніка дзяржавы ("С кандидатом на предстоящих выборах определились”, “Предвыборный марафон в Осиповичах. С мыслями о будущем”, “В Черикове продолжается работа инициативных групп по сбору подписей для выдвижения кандидатов в Президенты Республики Беларусь” і іншае).
Аб прыцягненні выбаршчыкаў да пікетаў па збору подпісаў за дзейснага прэзідэнта паведамляецца ў артыкуле “Подпись – еще не голос, но позиция уже видна”, апублікаваным у газеце Брэсцкага райвыканкама “Заря над Бугом”[3]. Падобныя публікацыі сустракаюцца практычна ва ўсіх дзяржаўных СМІ.
ПЕРАСЛЕД ЖУРНАЛІСТАЎ І АКТЫВІСТАЎ
14 жніўня ў судзе Ленінскага раёна г. Гродна працягваўся разгляд справаў гродзенскіх журналістаў-фрылансераў Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча. Слуханні адбываюцца пры адсутнасці саміх журналістаў, якіх абвінавачваюць у незаконным вырабе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі (арт. 22.9 КаАП РБ), а менавіта – у падрыхтоўцы інфармацыйнага матэрыялу для спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”. Суд заслухаў сведак і быу перанесы на 19 жніўня. Нагодай для завядзення справы супраць Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча стаў відэасюжэт пра выставу літоўскіх лялек у г. Гродна, які з’явіўся на сайце тэлеканала “Белсат”.
16 жніўня ў г. Магілёве вызваленыя Аляксандр Шаўцоў і Валянціна Шчэтнікава – сябры ініцытыўнай групы Таццяны Караткевіч. Як паведаміла Еўрарадыё, яны былі затрыманыя міліцыяй каля Віленскага рынку падчас збору подпісаў за вылучэнне Таццяны Караткевіч. Супрацоўнікам міліцыі спачатку не спадабалася, што збор подпісаў ідзе пад бел-чырвона-белым сцягам. Потым прадстаўнікі праваахоўных органаў разабраліся ў сітуацыі і вярнулі забраны сцяг, але збор подпісаў быў сарваны.
[1] Матэрыялы па тэме даступны на: http://spring96.org/ru/news/79205; http://euroradio.fm/chamu-anatol-lyabedzka-tak-smela-ignarue-vybarchae-z....
[2] Даступна на: http://www.belta.by/politics/view/vybory-2015.-tsik-planiruet-zaregistrirovat-kandidatov-v-prezidenty-na-zasedanii-10-sentjabrja-159147-2015/; http://www.belta.by/society/view/ermakova-status-zhenschiny-znachitelno-povysilsja-v-belarusi-za-poslednie-20-let-159145-2015/
"Праваабаронцы за свабодныя выбары".