Назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» і ПЦ «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Высновы
- Выбарчая кампанія працягваецца на фоне няспынных рэпрэсій, распачатых уладамі ад моманту пачатку выбараў. У турмах працягваюць утрымлівацца 25 палітвязняў, у тым ліку непасрэдных удзельнікаў выбарчага працэсу;
- На працягу тыдня ў г. Мінску і іншых гарадах краіны працягваліся судовыя працэсы над удзельнікамі мірных сходаў 14 і 15 ліпеня. Усяго па дадзеных праваабаронцаў за ўдзел у гэтых акцыях было затрымана як мінімум 420 чалавек, з іх не менш 330 у г. Мінску. Агульная колькасць затрыманняў ад моманту пачатку выбараў склала не менш 1140 чалавек, 190 з якіх былі арыштаваныя, а 333 аштрафаваныя на агульную суму, якая перавышае 65 000 рублёў;
- Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь адмовіў у задавальненні скаргі В. Цапкалы на рашэнне ЦВК аб адмове ў рэгістрацыі і адмовіў ва ўзбуджэнні справы па аналагічнай скарзе В. Бабарыкі ў сувязі з пропускам тэрмінаў абскарджання. Эксперты кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” лічаць, што рашэнне суда па скарзе В. Цапкалы насіла павярхоўны, фармальны характар і не ўлічвала ўсе акалічнасці справы, а ў выпадку адмовы разгляду скаргі В. Бабарыкі судом не былі ўлічаныя паважныя абставіны пропуска тэрмінаў і магчымасць іх аднаўлення;
- Уведзеныя пастановай ЦВК абмежаванні па колькасці назіральнікаў на ўчастках для галасавання робяць выбарчы працэс закрытым для незалежнага назірання і парушаюць адзін з асноўных прынцыпаў правядзення дэмакратычных выбараў – галоснасць пры правядзенні выбараў.
- Асаблівую занепакоенасць выклікаюць шырака растыражаваныя дзяржаўнымі СМІ заявы дзеючага кіраўніка дзяржавы і дзяржсакратара Савета бяспекі А. Раўкова аб магчымасці прыцягнення войска для супрадзеяння магчымым пратэстам і дэманстрацыям. Прадстаўнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары” расцэньваюць гэта як нічым непрыхаванае нагнятанне атмасферы страху і запалохвання ў грамадстве/