Назіранне за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
ВЫСНОВЫ
– Цэнтральная камісія прыняла шэраг пастаноў, якія рэгулююць важныя аспекты выбарчай кампаніі, у прыватнасці, парадак выкарыстання СМІ кандыдатамі ў дэпутаты, парадак дэкларавання даходаў і маёмасці асобамі, вылучанымі кандыдатамі ў дэпутаты, зацверджана Палажэнне аб выбарчым фондзе кандыдата ў дэпутаты і іншае;
– 26 жніўня 2019 г. апублікаваныя апошнія рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па вызначэнні забароненых месцаў для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў; у большасці выпадкаў пералік забароненых месцаў не будзе ствараць перашкоды працы ініцыятыўных груп, але рашэнні мясцовых уладаў па гэтым пытанні дэманструюць розныя падыходы і ў шэрагу выпадкаў неабгрунтавана шырока і без тлумачэнняў абмяжоўваюць магчымасці збору подпісаў;
– 30 жніўня 2019 г. скончыўся тэрмін вылучэння прадстаўнікоў у склад абласных, Мінскай гарадской, акруговых выбарчых камісій ад палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў і грамадзян шляхам падачы заяў; на сайтах выканкамаў з’явілася інфармацыя пра час і месца правядзення першых арганізацыйных пасяджэнняў па стварэнні камісій;
– адзначана актыўнасць палітычных партый і грамадскіх арганізацый па вылучэнні сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій і накіраванні назіральнікаў; дзяржаўныя друкаваныя і электронныя СМІ практычна не даюць інфармацыі пра выбары, за выключэннем звестак, публікацыю якіх прадугледжвае ВК;
– назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ў большасці не сутыкаюцца з перашкодамі сваёй дзейнасці на сёлетніх выбарах.