Катаванні_Дзядок_Латыпаў_іншыя_Генпракуратура_СК_ВС

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заклікаем Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт у сувязі з шакавальнымі падрабязнасцямі прымянення супрацоўнікамі ГУБАЗіК катаванняў і жорсткага абыходжання, агучанымі Мікалаем Дзядком у судзе 1 ліпеня 2021 года, распачаць крымінальную справу, выявіць вінаватых ва ўжыванні катаванняў і жорсткага абыходжання і прыняць меры па прыцягненні іх да крымінальнай адказнасці.

Мы таксама патрабуем правесці праверку і па іншых выпадках прымянення катаванняў і жорсткага абыходжання да затрыманых з боку супрацоўнікаў ГУБАЗіК, у прыватнасці, да Сцяпана ЛатыпаваІвана БагдзевічаІгара ЕрмолаваАляксандра Мар'ясаваДавіда СлашчоваВіталя ШышловаАрцёма Анішчука і многіх іншых, і прыняць адпаведныя меры па прыцягненні вінаватых да адказнасці і недапушчэнні такіх дзеянняў у будучыні.

Мы таксама чарговым разам патрабуем распачаць крымінальныя справы і правесці эфектыўнае і незалежнае расследаванне паводле фактаў масавых катаванняў грамадзян, затрыманых у жніўні 2020 года, а таксама смерцяў удзельнікаў пратэстных акцый.

Згодна з артыкулам 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ніхто не павінен падвяргацца катаванням або жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму ягоную годнасць абыходжанню або пакаранню.

Мы нагадваем, што Рэспубліка Беларусь, як дзяржава-удзельніца Канвенцыі супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання, абавязалася распачаць эфектыўныя заканадаўчыя, адміністрацыйныя, судовыя і іншыя меры для папярэджання актаў катаванняў на любой тэрыторыі пад яе юрысдыкцыяй, а таксама забяспечыць, каб яе кампетэнтныя органы праводзілі хуткае і бесстаронняе расследаванне, калі маюцца дастатковыя падставы меркаваць, што катаванне было ўжыта на любой тэрыторыі, якая знаходзіцца пад яе юрысдыкцыяй.

Мы са шкадаваннем канстатуем, што Рэспубліка Беларусь, нягледзячы на адпаведныя заклікі Камітэта па правах чалавека і Камітэта супраць катаванняў, так і не крыміналізавала ўсе акты катаванняў і жорсткага абыходжання ў адпаведнасці з вызначэннем Канвенцыі супраць катаванняў. Тым не менш, крымінальнае і крымінальна-працэсуальнае заканадаўства мае дастатковы набор мер, якія дазваляюць прыцягваць да адказнасці за падобныя дзеянні.

Мы звяртаем увагу на тое, што права не падвяргацца катаванням з'яўляецца абсалютным правам, якое азначае, што ніякія выключныя абставіны, якімі б яны ні былі, ці то стан вайны або пагроза вайны, унутраная палітычная нестабільнасць ці любое іншае надзвычайнае становішча, не могуць служыць апраўданнем катаванняў.

Мы таксама звяртаем увагу суддзяў, якія разглядаюць крымінальныя справы, у ходзе якіх абвінавачаныя заяўляюць аб прымяненні катаванняў, на тое, што, згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сілы і не могуць быць пакладзеныя ў аснову абвінавачвання. Таксама мы нагадваем, што, згодна з ўзятымі міжнароднымі абавязацельствамі па Канвенцыі супраць катаванняў, Рэспубліка Беларусь павінна забяспечыць, каб любая заява, якая, як устаноўлена, была зробленая пад катаваннем, не выкарыстоўвалася ў якасці доказу ў ходзе любога судовага разбору.

Мы нагадваем, што ў сваіх заключных заўвагах па пятым перыядычным дакладзе Беларусі 2018 года Камітэт супраць катаванняў выказаў сур'ёзную заклапочанасць з нагоды таго, што супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі часта прымяняюць катаванні і жорсткае абыходжанне для атрымання прызнальных паказанняў ад падазраваных, якія ўтрымліваюцца ў следчых ізалятарах і ізалятарах часовага ўтрымання, і што ў многіх выпадках, калі абвінавачаныя па крымінальных справах заяўлялі ў судах аб тым, што да іх ужываліся катаванні, старшынствуючыя суддзі не патрабавалі правядзення расследаванняў або прызнавалі іх паказанні прымальнымі, нягледзячы на прадпісанні нацыянальнага заканадаўства. У сувязі з гэтым Камітэт супраць катаванняў адзначыў, што Рэспубліцы Беларусь варта забяспечыць на практыцы, каб заявы, атрыманыя пад катаваннямі, прызнаваліся непрымальнымі ў якасці доказаў падчас любога судовага разбору. Рэспубліцы Беларусь варта заканадаўча забяспечыць, каб ва ўсіх выпадках, калі чалавек сцвярджае, што прызнанне было атрымана пад катаваннем, разгляд справы прыпыняўся да таго часу, пакуль дадзенае сцвярджэнне не будзе старанна расследаванае.

Адначасова мы патрабуем ад адпаведных дзяржаўных органаў спыніць усе акты катаванняў і іншыя жорсткія, бесчалавечныя або прыніжаючыя годнасць віды абыходжання і пакарання, у прыватнасці, наўмыснае стварэнне невыносных умоў для людзей, якія адбываюць адміністрацыйны арышт, якія знаходзяцца пад вартай або адбываюць крымінальнае пакаранне па палітычна матываваных судовых пастановах.

Заява будзе адпраўленая ў Генпракуратуру, Следчы камітэт і Вярхоўны суд.

РПГА " Беларускі Хельсінкскі Камітэт"

Праваабарончы цэнтр "Вясна"

РГА "Прававая ініцыятыва"

РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр"

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend )

Беларускі дакументацыйны цэнтр

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман канстанта"