У Беларускі Хельсінкскі Камітэт неаднаразова звярталіся грамадзяне са скаргамі на адсутнасць доступу да бяспечнай пітной вадs. У асноўным гэта былі жыхары сельскай мясцовасці. Але ў канцы чэрвеня 2020 гады ў жыхароў Мінска з кранаў пацякла брудная, з агідным пахам вада. Некалькі чалавек выклікалі хуткую. Яны скардзіліся, што атруціліся вадаправоднай вадой. Людзі ў паніцы змяталі з прылаўкаў магазінаў бутыляваную ваду, і да вечара яе амаль немагчыма было купіць. У сталіцы Беларусі ўзнікла надзвычайная сітуацыя. Праблема ахапіла адразу некалькі раёнаў горада з насельніцтвам у некалькі сотняў тысяч чалавек. Толькі позна ўвечары гарадскія ўлады выступілі з заявай, што вадаправодная вада небяспечная для здароўя, яе нельга піць і ўжываць для хатніх патрэбаў і пачалі арганізоўваць падвоз пітной вады ў цыстэрнах.
Між тым, вада - найважнейшая рэчыва для чалавека. Ад якасці і складу пітной вады залежыць стан нашага здароўя і якасць нашага жыцця. Менавіта таму ў чэрвені 2010 года Генеральная Асамблея ААН адобрыла рэзалюцыю «Права чалавека на ваду і санітарыю», у якой абвясціла «права на бяспечную і чыстую пітную ваду і санітарыю як права чалавека, якое мае істотна важнае значэнне для паўнавартаснага жыцця і поўнага ажыццяўлення ўсіх правоў чалавека».
БХК распрацаваў памятку, у якой распавёў, як права на бяспечную пітную ваду адлюстравана ў міжнародных і нацыянальных прававых дакументах, аб крытэрах, якія дазваляюць шэраговаму спажыўцу вызначыць прыдатнасць вады для пітва і пабытовых патрэб. У памятцы пералічаныя дзяржаўныя органы Беларусі, адказныя за забеспячэнне насельніцтва бяспечнай чыстай пітной вадой, пазначаныя іх кампетэнцыі і абавязкі. У канцы памяткі прыведзены ўзор скаргі ў дзяржструктуры ў выпадку адсутнасці доступу да чыстай пітной вады або ўзнікненні надзвычайнай сітуацыі.
На здымку мінчукі стаяць у чарзе за пітнай вадой
Здымак Еўрарадыё