Рэкамендацыі беларускіх НДА па
Універсальным перыядычным аглядзе па Беларусі
ў Савеце ААН па правах чалавека
1. актывізаваць намаганні па захаванні і заахвочванні выканання правоў чалавека, у тым ліку шляхам стварэння інстытута амбудсмена і нацыянальных органаў па пытаннях правоў чалавека ў адпаведнасці з Парыжскімі прынцыпамі;
2. актывізаваць супрацоўніцтва са статутнымі і дагаворнымі органамі ААН па правах чалавека, своечасова прадстаўляць даклады каб выканаць свае абавязацельствы на аснове ажыццяўлення іх рэкамендацыяў, прымаць меры да выканання меркаванняў Камітэта ААН па правах чалавека па індывідуальных скаргах;
3. увесці мараторый на выкананне смяротнага пакарання, ратыфікаваць Другі факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і прыняць меры да выключэння смяротнага пакарання з сістэмы пакаранняў;
4. ратыфікаваць Міжнародную канвенцыю для абароны ўсіх асобаў ад гвалтоўных знікненняў;
5. прызнаць кампетэнцыю Камітэта па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі па арт. 14 Канвенцыі па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі (індывідуальныя скаргі);
6. прыняць меры да пашырэння навучання правам чалавека на ўсіх узроўнях атрымання адукацыі;
7. даць азначэнне паняцця дыскрымінацыі ў заканадаўстве і забяспечыць дзейсны доступ да судовых сродкаў абароны ахвяраў дыскрымінацыі;
8. не дапускаць дыскрымінацыі ў дачыненні да якой-небудзь асобы або групы асобаў па якой бы то ні было прыкмеце, у тым ліку па прыкмеце палітычных ці іншых перакананняў;
9. забяспечыць навучанне дзяржаўных служачых, супрацоўнікаў органаў аховы правапарадку па праблемах дыскрымінацыі і яе недапушчэння;
10. выключыць любыя выпадкі дыскрымінацыі па палітычных і іншых матывах і забяспечыць расследаванне кожнага выпадку дыскрымінацыі;
11. прыняць неабходныя меры да завяршэння расследавання справаў па знікненнях палітычных дзеячаў: В. Ганчара, Д. Завадскага, Ю. Захаранкі, А. Красоўскага і прыцягненню вінаватых да адказнасці;
12. прывесці ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі працэдуры заключэння пад варту, перадаць паўнамоцтвы па санкцыянаванні заключэння пад варту і абрання меры стрымання судовым органам, выключыўшы магчымасць прымянення заключэння пад варту як меры стрымання па матывах адной толькі цяжкасці;
13. выключыць абмежаванне свабоды і ізаляцыю грамадзянаў у выпадках, не звязаных са здзяйсненнем правапарушэнняў, ліквідаваўшы сістэму лячэбна-працоўных прафілакторыяў;
14. спыніць практыку адвольных затрыманняў грамадзянаў па палітычных матывах, прыняць эфектыўныя меры па расследаванні наяўных выпадкаў незаконных затрыманняў;
15. працягнуць намаганні па барацьбе з катаваннямі і зрабіць заяву аб прызнанні кампетэнцыі Камітэта супраць катаванняў па артыкулах 21, 22 Канвенцыі супраць катаванняў;
16. імплементаваць у нацыянальнае заканадаўства паняцце катаванняў, дадзенае ў Канвенцыі супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці зневажаючых чалавечую годнасць відаў абыходжання і пакарання, забяспечыць эфектыўнае расследаванне выпадку катаванняў і нялюдскага абыходжання;
17. актывізаваць намаганні па рэфармаванні пенітэнцыярнай сістэмы для забеспячэння выканання мінімальных стандартных правілаў абыходжання са зняволенымі, у тым ліку адпаведнасці умоваў у месцах пазбаўлення волі і ўтрымання пад вартай міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека;
18. прыняць дадатковыя меры для гуманізацыі выканання пакаранняў і перадаць крымінальна-выканаўчую сістэму ў падпарадкаванне Міністэрства юстыцыі;
19. забяспечыць навучанне супрацоўнікаў пенітэнцыярнай сістэмы і праваахоўных органаў па пытаннях правоў чалавека;
20. стварыць рэальныя магчымасці для грамадзянскага кантролю за ўмовамі ўтрымання ў месцах пазбаўлення волі і іншых месцах прымусовага ўтрымання грамадзянаў;
21. прыняць меры да ўмацавання незалежнасці суддзяў і адвакатаў, выканаць рэкамендацыі спецдакладчыка ААН па пытаннях незалежнасці суддзяў і адвакатаў;
22. павысіць ролю судовай улады ў Беларусі, не дапускаць ўмяшальніцтва выканаўчай улады ў ажыццяўленне правасуддзя; забяспечваць належную публічнасць судовага працэсу;
23. прыняць меры да пашырэння магчымасцяў судовай абароны грамадзянаў, надаўшы права канстытуцыйнай скаргі;
24. выключыць выпадкі прыцягнення да крымінальнай адказнасці асобаў, якія адмаўляюцца служыць у арміі па матывах сумлення і прыняць закон аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе;
25. забяспечваць належную рэалізацыю права спавядаць рэлігіі, у тым ліку і запрашаць замежных святароў;
26. забяспечыць, каб усе галіны дзяржаўнай улады, у тым ліку супрацоўнікаў дзяржаўных органаў, у поўнай меры паважалі і заахвочвалі свабоду выказвання меркаванняў;
27. прыняць эфектыўныя меры для забеспячэння свабоды ўсіх незалежных сродкаў масавай інфармацыі, як нацыянальных, так і замежных;
28. даць роўныя эканамічныя ўмовы для СМІ розных формаў уласнасці, вярнуць ўсе недзяржаўныя грамадска-палітычныя выданні ў сістэмы дзяржаўных манапалістаў-распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў, выключыць адміністрацыйны і эканамічны ціск на суб'ектаў гаспадарання, якія супрацоўнічаюць з рэдакцыямі незалежных СМІ, у тым ліку друкарні;
29. прыняць меры да пашырэння доступу да інфармацыі, прывесці ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі заканадаўства, якое рэгламентуе права журналістаў на доступ да інфармацыі пра дзейнасць органаў улады, спрасціць працэдуры адкрыцця афіцыйных прадстаўніцтваў замежных СМІ ў Беларусі, а таксама ўвесці заяўны прынцып акрэдытацыі;
30. прывесці ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі, выключыць крымінальную адказнасць за дыфамацыю вышэйшых службовых асобаў і дыскрэдытацыю дзяржавы, не дапускаць парушэнняў права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі на падставе процідзеяння экстрэмізму;
31. эфектыўна расследаваць і пераследваць у судовым парадку злачынствы і парушэнні ў дачыненні да журналістаў і праваабаронцаў, прыцягваць вінаватых да адказнасці;
32. прывесці заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды сходаў, спрасціўшы і скараціўшы працэдуру ўзгаднення, выключыць аплату арганізатарамі расходаў па забеспячэнні правапарадку і бяспекі грамадзян, выключыць неабгрунтаваныя абмежаванні па месцы, часе і парадку правядзення мерапрыемстваў;
33. належным чынам выконваць абавязак дзяржавы па абароне свабоды мірных сходаў шляхам удасканалення механізмаў і працэдураў, якія дазваляюць забяспечыць практычную рэалізацыю свабоды сходаў без празмернага бюракратычнага рэгулявання;
34. расследаваць кожны выпадак неабгрунтаванай забароны правядзення мірнага сходу і пераследу яго ўдзельнікаў;
35. адмяніць забарону на дзейнасць незарэгістраваных грамадскіх аб'яднанняў, фондаў, палітычных партыяў, прафсаюзаў і рэлігійных арганізацыяў, спрасціць працэдуры іх дзяржаўнай рэгістрацыі;
36. спыніць пераслед актывістаў палітычных партыяў і грамадзянскай супольнасці.
37. працягваць працу па выкананні рэкамендацыяў АБСЕ і Венецыянскай камісіі Рады Еўропы па ўдасканаленні выбарчага заканадаўства і практыкі яго прымянення з мэтай стварэння належных гарантыяў ўдзелу грамадзянаў у вядзенні дзяржаўных справаў;
38. прыняць меры па забеспячэнні рэальнай роўнасці дзвюх дзяржаўных моваў, у прыватнасці забяспечыўшы прыняцце заканадаўства на дзвюх дзяржаўных мовах;
39. ліквідаваць праблемы, звязаныя з атрыманнем адукацыі на беларускай мове, забяспечыўшы моўную пераемнасць у атрыманні адукацыі на розных узроўнях;
40. працягнуць намаганні па стварэнні безбар'ернага асяроддзя і іншых умоваў, неабходных для забеспячэння рэальнай роўнасці асобаў з абмежаванымі магчымасцямі;
41. працягнуць намаганні, накіраваныя на ўсталяванне гендэрнай роўнасці;
42. актывізаваць намаганні і распачаць пэўныя меры для заахвочвання цярпімасці і недыскрымінацыі асобаў з мінарытарнай сэксуальнай арыентацыяй або гендэрнай ідэнтычнасцю;
43. добрасумленна выконваць Канвенцыю МАП № 105 аб скасаванні прымусовай працы:
- змяніць заканадаўства аб ваеннаслужачых, выключыўшы з яго магчымасці выкарыстання працы ваеннаслужачых, не звязанай з выкананнем вайсковай службы;
- адмовіцца ад выкарыстання прымусовага размеркавання выпускнікоў установаў адукацыі ўсіх узроўняў у якасці метаду мабілізацыі і выкарыстання працоўнай сілы для патрэбаў эканамічнага развіцця краіны;
- выключыць з заканадаўства нормы, якія замацоўваюць прымусовае прыцягненне да працы бацькоў, абавязаных кампенсаваць расходы па ўтрыманні адабраных у іх дзяцей, а таксама крымінальную адказнасць за ўхіленне іх ад працы, звязаную з такім пакрыццём;
44. адмовіцца ад выкарыстання абавязковага прыцягнення да працы як меры медыка-сацыяльнай рэадаптацыі асобаў, змешчаных у лячэбна-працоўныя прафілакторыі;
45. прыняць меры да абмежавання неабгрунтавана шырокага і адвольнага выкарыстання кантракту як формы працоўнага дагавора;
46. прымаць эфектыўныя меры для забеспячэння атрымання адукацыі на мовах нацыянальных меншасцяў;
47. актывізаваць і пашырыць супрацоўніцтва з групамі грамадзянскай супольнасці ў ажыццяўленні наступных мераў і выкананне вынікаў гэтага агляду.