Рэзалюцыя Паралельнага форуму грамадзянскай супольнасці АБСЕ была прынятая 4 ліпеня 2017 года ў Мінску.
Удзельнікі Форуму, якія прадстаўляюць арганізацыі грамадзянскай супольнасці рэгіёну АБСЕ, як на ўсходдзе, так і на захадзе ад Вены, сабраліся напярэдадні 26-й штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, каб абмеркаваць праблемы ў рэалізацыі Хельсінкскіх прынцыпаў і абавязальніцтваў АБСЕ і стратэгіі міжнароднай супольнасці па іх вырашэнні.
Рэзалюцыя, у якой выкладзены аналіз сітуацыі ў рэгіёне АБСЕ і высновы, адрасаваная сябрам Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, краінам-удзельніцам АБСЕ, а таксама прадстаўнікам палітычных органаў і інстытутаў АБСЕ. Арганізацыі, якія прынялі дакумент, выказваюць гатоўнасць працягваць актыўны ўдзел у якасці суб'ектаў грамадзянскай супольнасці ў рэалізацыі канцэпцыі ўсёабдымнай бяспекі ў духу Хельсінкскіх прынцыпаў і рашучасць змагацца для поўнай рэалізацыі гарантый правоў чалавека і асноўных свабодаў, дэмакратыі і вяршэнства права ва ўсім рэгіёне АБСЕ.
На думку аўтараў дакумента, Парламенцкая Асамблея АБСЕ і парламенты краінаў-удзельніц АБСЕ маюць ключавую ролю ў забеспячэнні выканання абавязальніцтваў АБСЕ і ўмацаванні Хельсінкскіх прынцыпаў. «Стан рэалізацыі Хельсінкскіх прынцыпаў сёння вельмі праблематычны, і мы заклікаем усе зацікаўленыя бакі падвоіць намаганні па аднаўленні архітэктуры ўсёабдымнай бяспекі ў рэгіёне АБСЕ», - падкрэсліваецца ў рэзалюцыі.
Рэзалюцыя ўтрымлівае спецыяльны раздзел па сітуацыі ў Беларусі - краіне, якая прымае ў сябе сесію Парламенцкай Асамблеі АБСЕ. Гэты раздзел уключае цэлы шэраг канкрэтных рэкамендацый. «Выкананне Беларуссю абавязальніцтваў у рамках АБСЕ і яе ўзаемадзеянне з механізмамі і працэдурамі АБСЕ вымушае жадаць лепшага, і мы просім вашай асаблівай увагі да гэтай сітуацыі», - звяртаюцца аўтары рэзалюцыі да яе адрасатаў.