Назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца актывістамі РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Высновы
Перыяд перадвыбарчай агітацыі ў адпаведнасці з Каляндарным планам пачынаецца пасля рэгістрацыі кандыдатаў і працягваецца да дня галасавання, што склала перыяд з 11 верасня да 10 кастрычніка.
Кандыдаты ў прэзідэнты не сутыкаліся з істотнымі парушэннямі сваіх правоў падчас агітацыі шляхам сустрэч з выбаршчыкамі. Аднак прынятыя мясцовымі распарадчымі органамі ўлады рашэнні аб вызначэнні месцаў для правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў прадэманстравалі адсутнасць аднастайнага падыходу ў вырашэнні гэтага пытання. У шэрагу гарадоў краіны, у тым ліку і ў сталіцы, створаны адносна спрыяльныя ўмовы для агітацыі. У той жа час многія назіральнікі ў рэгіёнах адзначаюць, што мясцовыя ўлады вызначылі зусім непрыдатныя месцы для агітацыйных масавых мерапрыемстваў.
Перадвыбарчая агітацыя не стала значнай сацыяльна-палітычнай кампаніяй для беларускага грамадства, яна прайшла малазаўважна для выбаршчыкаў, Недастатковасць візуальных сродкаў агітацыі за кандыдатаў у прэзідэнты, відавочна, абумоўлена невысокай актыўнасцю некаторых кандыдатаў, а таксама адмовай ад дзяржаўнага фінансавання вырабу інфармацыйных матэрыялаў.
Кандыдат у прэзідэнты-дзейсны прэзідэнт меў значна большыя магчымасці для правядзення агітацыі ў параўнанні з іншымі кандыдатамі, на яго карысць актыўна прымяняўся адміністрацыйны рэсурс.
Праўрадавыя грамадскія арганізацыі, якія фінансуюцца з бюджэта (ФПБ, БРСМ і іншыя) актыўна праводзілі грамадзка-палітычныя мерапрыемствы пад характэрнай сімволікай і ў кантэксце выбарчай праграмы дзейснага прэзідэнта, што атаясамляецца з агітацыяй у яго падтрымку. Такія мерапрыемствы не фінансаваліся з выбарчага фонду кандыдата, што з’яўляецца парушэннем устаноўленага парадку агітацыі.
Дзяржаўныя СМІ надалі тэме выбараў большую ўвагу ў параўнанні з мінулай кампаніяй 2010 г. Іх матэрыялы ўтрымлівалі нейтральныя рэпартажы, прысвечаныя выступам кандыдатаў-сапернікаў дзеючага прэзідэнта і іх агітацыйнай дзейнасці, агляд перадвыбарчых праграм.
Галоўнымі акторамі выбарчага працэсу заставаліся дзеючы прэзідэнт і Цэнтральная выбарчая камісія. Паводле адведзенага эфірнага часу і газетнай плошчы супернікі дзеючага прэзідэнта знаходзіліся па-за канкурэнцыяй з вышэй названымі суб’ектамі.
Прававая база
Парадак вядзення агітацыі за кандыдатаў у Прэзідэнты усталяваны ВК і пастановамі ЦВК. Забараняецца агітацыя, пры правядзенні якой ідзе прапаганда вайны, гучаць заклікі да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу і іншае. Таксама забаронена агітацыя, якая ўтрымлівае заклікі да зрыву, або адмены, або пераносу тэрміну выбараў, прызначаных у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь. Заклікі да байкоту выбараў ЦВК і праваахоўныя органы расцэньваюць як заклікі да зрыву выбараў і кваліфікуюць іх як парушэнне заканадаўства.
Пастановай ЦВК ад 6 жніўня 2015 г. № 49 зацверджана «Палажэнне аб парадку выкарыстання сродкаў масавай інфармацыі пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2015 годзе». У адпаведнасці з ім, кандыдат у Прэзідэнты мае права на два бясплатныя выступы ў эфіры тэлеканала «Беларусь-1» і два бясплатныя выступы працягласцю не больш за 30 хвілін у эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. Дата і час выхаду ў эфір тэле- і радыёперадач з перадвыбарчымі выступамі кожнага кандыдата вызначаецца лёсаваннем, якое робіць ЦВК. Тэлерадыёперадачы з перадвыбарчымі выступамі кандыдатаў, тэледэбаты ідуць у прамым эфіры, аднак могуць транслявацца і ў запісе.
Сёлетняя выбарчая кампанія ідзе па новых правілах фінансавання выдаткаў на правядзенне агітацыі (раней па іх былі праведзены мясцовыя выбары 2014 г.). У адпаведнасці з ВК у рэдакцыі 25.11.2013, усе выдаткі на выраб друкаванай агітацыйнай прадукцыі аплочваюцца выключна са сродкаў выбарчых фондаў, якiя ствараюцца кандыдатамі ў прэзідэнты. Са сродкаў дзяржаўнага бюджэту ЦВК вырабляе і распаўсюджвае толькі агульныя інфармацыйныя матэрыялы пра ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты.
Новае Палажэнне «Аб выбарчым фондзе асобы, якая вылучаецца кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, кандыдата ў Прэдзідэнты Рэспублікі Беларусь пры правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2015 годзе» вызначае, што максімальны памер выдаткаў са сродкаў выбарчага фонду кандыдата ў прэзідэнты не можа перавышаць 9000 базавых велічынь. Фонд можа складацца з ўнёскаў самога кандыдата ў прэзідэнты, а таксама фізічных асоб – да 20 БВ ад кожнай, юрыдычных асоб – да 50 БВ.
Палажэнне не прадуглежвае для назіральнікаў і журналістаў магчымасці праверкі крыніцаў ахвяраванняў і выдаткавання сродкаў. Законнасць фарміравання і выдаткавання выбарчага фонду ацэньваюць толькі фінансавая органы і ЦВК.
Агітацыя шляхам сустрэч з выбаршчыкамі
Прынятыя мясцовымі распарадчымі органамі ўлады рашэнні аб вызначэнні месцаў для правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў (сходаў па-за памяшканнямі, мітынгаў, пікетаў) прадэманстравалі непаслядоўнасць мясцовых уладаў ў гэтым пытанні. У многіх гарадах краіны, у тым ліку і ў сталіцы, былі прынятыя даволі ліберальныя рашэнні.
Рашэнне Мінгарвыканкама у цэлым не абмяжоўвае правоў кандыдатаў. Спрыяльныя ўмовы для перадвыбарнай агітацыі стварыў Быхаўскі райвыканкам: прадастаўляюцца памяшканні Цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў, Быхаўскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці, актавыя залы арганізацый і іншае.
У той жа час многія назіральнікі ў рэгіёнах паведамляюць, што мясцовыя органы ўлады вызначылі для агітацыйных масавых мерапрыемстваў месцы маланаведваемыя ці аддаленыя ад цэнтра населенага пункта.
У Ленінскім раёне г. Гродна з васьмі такіх месцаў толькі адно можа лічыцца людным і прыдатным для агітацыі. Не лепшая сітуацыя і ў Кастрычніцкім раёне горада: усе 11 месцаў малалюдныя, гэта спартовыя пляцоўкі каля школ і гімназій, сквер па вул. Левабярэжная. У Ленінскім і Кастрычніцкім раёнах г. Магілёва месцы для агітацыі па-ранейшаму не адпавядаюць свайму прызначэнню, а цэнтр горада фактычна выпадае з агітацыі. Усяго адно месца на тэрыторыі раёна для перадвыбарчых масавых мерапрыемстваў вызначыў Хоцімскі райвыканкам.
Прыкметная агітацыйная дзейнасць Т. Караткевіч, якая актыўна сустракаецца з выбаршчыкамі. Практычна незаўважныя агітацыйныя мерапрыемствы кандыдатаў С. Гайдукевіча і М. Улаховіча.
Актыўна арганізоўваліся мерапрыемствы з удзелам давераных асоб А. Лукашэнкі: сустрэчы ў працоўных калектывах, наведванне прадпрыемстваў, навучальных устаноў і г.д. У гэтых сустрэчах заўсёды бралі ўдзел кіраўнікі мясцовых і цэнтральных органаў улады, прадпрыемстваў і ўстаноў, асноўнай мэтай такіх мерапрыемстваў быў заклік выбаршчыкаў падтрымаць існуючы ў краіне палітычны курс і ўзяць удзел у выбарах.
24 верасня ў Віцебску на сустрэчы Міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца з прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнтамі Акадэміі ветэрынарнай медыцыны гаварылася пра перспектывы развіцця аграпрамысловага комплекса краіны, неабходнасць падтрымкі на выбарах улады і эканамічнага курса краіны. Рэктар Антон Ятусевіч даклаў, што ў 2010 г. у падначаленай яму навучальнай установе 96 % галасоў было аддадзена за Лукашэнку, і заверыў міністра ў далейшай падтрымцы.
25 верасня ў Гомелі адбылася сустрэча з даверанай асобай А. Лукашэнкі Сяргеем Бяспалым, галоўным рэдактарам газеты «Гомельская праўда». Аўдыторыю выбаршчыкаў забяспечылі знятыя на гэты час з заняткаў студэнты і выкладчыкі ГДУ імя Ф. Скарыны.
Выбарчыя фонды
Паводле дадзеных ЦВК за 7 кастрычніка, у выбарчы фонд С. Гайдукевіча паступіла больш за 42 млн руб, у фонд Т. Караткевіч – больш за 26 млн, у фонд М. Улаховіча – больш за 33 млн., у фонд А. Лукашэнкі – больш за 1,5 млрд рублёў. Кандыдат С. Гайдукевіч выкарыстаў практычна ўсе сродкі, Т. Караткевіч, М. Улаховіч – больш за палову. На 7 кастрычніка сума, выкарыстаная кожным кандыдатам, складае каля 7% ад той сумы, якую афіцыйна выдаткаваў на сваю кампанію А. Лукашэнка.
“Еўрарадыё” зрабіла журналісцкае расследаванне фактаў рассылкі агітацыйных матэрыялаў (паштовак) пад назвай «За будучыню незалежнай Беларусі!» ў падтрымку А. Лукашэнкі. Наклад паштовак склаў 2,5 млн. Еўрарадыё падлічыла, што кошт вырабу і рассылкі такой колькасці паштовак значна перавышае суму, выдаткаваную з выбарчага фонду А. Лукашэнкі. Таксама трэба адзначыць, што агітацыйныя паштоўкі за кандыдата А. Лукашэнку, якія былі данесены практычна да кожнай кватэры, не адпавядаюць патрабаванням ч. 9 арт. 45 ВК Рэспублікі Беларусь: яны не змяшчаюць інфармацыі пра тое, дзе і кім яны выраблены, нумар пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі вытворцы агітацыйных матэрыялаў і дату яго выдачы, нумар замовы, прозвішча і ініцыялы замоўшчыка.
Журналісты і назіральнікі не мелі магчымасці атрымаць інфармацыю пра крыніцы напаўнення і расходвання выбарчых фондаў.
Агітацыя ў СМІ
Дзяржаўныя СМІ шырока асвятляюць акцыі недзяржаўных праўладных арганізацый, якія заявілі пра сваю падтрымку прэзідэнта. Раённыя газеты на першых старонках апублікавалі заяву ФПБ ад 25 верасня. «Мы призываем всех граждан нашей страны, − гаворыцца ў заяве, − объединиться и поддержать на выборах Александра Григорьевича Лукашенко <…> Под руководством Александра Лукашенко Беларусь прошла колоссальный путь развития и состоялась как независимое государство. Именно благодаря Президенту в нашей стране сохранен мир и порядок. Глава государства всегда на стороне простых людей. Он переживает и болеет за страну, ответственен за судьбу Отечества. Это вызывает искреннее уважение белорусского народа».
Ацэнка агітацыйнай кампаніі ў беларускіх медыя зроблена ў справаздачах БАЖ. Адзначаецца, што нягледзячы на з’яўленне станоўчых элементаў, такіх як пазітыўная ці нейтральная прзентацыя (а не толькі негатыўная, як раней) кандыдатаў-сапернікаў дзеючага Прэзідэнта, нельга сцвярджаць, што ў мадэлі асвятлення сёлетняй выбарчай кампаніі дзяржаўнымі медыя адбыліся істотныя змены. Яна па-ранейшаму арыентаваная на прамоцыю толькі аднаго прэтэндэнта на вышэйшую пасаду. БАЖ прааналізавала эфірны час дзяржаўных тэлеканалаў і інфармацыю друкаваных і электронных выданняў, звязаную з выбарамі. Напрыклад, у праграме «Наши новости» (ОНТ) 65 % эфірнага часу было прысвечана А. Лукашэнку, 4% – Т. Караткевіч, 3 % – С. Гайдукевічу і столькі ж – М. Улаховічу. У праграме «Панарама» (БТ) 58% эфірнага часу было прысвечана Лукашэнку, а іншым кандыдатам – прыблізна па 4%.
У недзяржаўных СМІ – іншая тэндэнцыя. У інтэрнэт-выданні naviny.by найбольш плошчы атрымалі кандыдаты Улаховіч (24%) і Караткевіч (16%), а Лукашэнка і Гайдукевіч – толькі па 6%. Між тым тыднёвік «Наша Ніва» больш за другіх пісаў пра Лукашэнку (52%) і Караткевіч (25%), характарызуючы іх як нейтральна, так і адмоўна.
Выкарыстанне ў агітацыі адміністрацыйнага рэсурсу
Фактычна на агітацыю ў падтрымку дзейснага прэзідэнта мабілізаваліся праўрадавыя грамадскія арганізацыі. ГА «БРСМ» ладзіць акцыі «Наш год – наш выбар!», вядзе інтэрнэт-праект «Мая Беларусь – мой выбар», удзельнікам якога прапаноўваецца публікаваць ў сацыяльных сетках розную інфармацыю пра Беларусь і будучыя выбары, суправаджаючы яе хэштэгамі нейтральнага (#маябеларусь, #япатриот, #выборы2015) і відавочна агітацыйнага зместу (#забатьку). Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі праводзіць серыю канцэртаў з выкарыстаннем сімволікі агітацыйнай кампаніі дзеючага прэзідэнта пад дэвізам «Мы – разам!» (афіцыйная назва – «рэспубліканская народна-патрыятычная акцыя»). Важна адзначыць, што падобныя мерапрыемствы не фінансаваліся за кошт сродкаў выбарчага фонду кандыдата у прэзідэнты, а гэтыя арганізацыі атрымліваюць дзяржаўнае фінсаванне і падтрымку.
Абскарджанне
2 кастрычніка ЦВК разгледзела скаргі кандыдата ў прэзідэнты Т. Караткевіч і яе зварот аб прадастаўленні дадатковага эфірнага часу на дзяржаўным радыё і тэлебачанні.
У сваіх скаргах у ЦВК кандыдат Т. Караткевіч указвала на парушэнні правілаў вядзення агітацыі і прынцыпаў роўнасці ўсіх кандыдатаў, дапушчаных кандыдатам А. Лукашэнкам, і патрабавала вынесці яму папярэджанне ў адпаведнасці з палажэннямі ВК. У прыватнасці, яна паведамляла аб выкарыстанні дзяржаўнымі СМІ, Беларускім тэлеграфным агенцтвам сімвала ў выглядзе «галачкі», умаляванай ў арнамент і колеры дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Гэты сімвал з’яўляўся ў паведамленнях і рубрыках пра выбары, у анлайн-дадатку для смартфонаў «Выбары – 2015», распрацаваных БРСМ і названым агенцтвам, пры правядзенні серыі канцэртаў «Мы – разам» і ў агітацыйных матэрыялах самога А. Лукашэнкі. Таксама яна ўказвала пра факт продажу ААТ «ЦУМ Мінск» маек вытворчасці ААТ «Світанак» з выявай лозунга кампаніі кандыдата А. Лукашэнкі «За будучыню незалежнай Беларусі!», вырабленых не за кошт сродкаў выбарчага фонду кандата.
Аналагічная скарга пададзена і экспертамі кампаніі «Правабаронцы за свабодныя выбары».
У другой скарзе кандыдат Т. Караткевіч указвала на факт правядзення 5-га афіцэрскага сходу і прыняцця яго ўдзельнікамі звароту да афiцэраў і членаў іх сем'яў з заклікам падтрымаць кандыдатуру дзейснага кіраўніка дзяржавы. Зварот быў апублікаваны на сайце Міністэрства обароны 25 верасня. На думку заяўніка, дадзены зварот меў прыкметы агітацыі.
Разгледзеўшы скаргі і зварот кандыдата Т. Караткевіч, ЦВК адмовіла ў іх задавальненні. У сваёй Пастанове № 81 аб выніках разгляду скаргі Т. Караткевіч ЦВК паказала, што вышэйзгаданы знак у выглядзе «галачкі» быў распрацаваны Беларускім тэлеграфным агенцтвам (БелТА) у 2010 г., выкарыстоўваўся ў перыяды выбараў і з пачаткам выбарчай кампаніі 2015 г. зноў размешчаны на інтэрнэт-сайце агенства. Пасля аналагічныя сімвалы незалежна адзін ад аднаго вырашылі выкарыстаць многія сродкі інфармацыі пры асвятленні выбарчай кампаніі. У сувязі з гэтым, на думку ЦВК, сцвярджэнне, што ўказаны сімвал атаясамліваецца з канкрэтным кандыдатам «не адпавядае рэчаіснасці». Рэалізацыя ж ААТ «ЦУМ Мінск» мужчынскіх маек вытворчасці ААТ «Світанак», на думку ЦВК, з'яўляецца «звычайнай камерцыйнай дзейнасцю вытворчай і гандлёвай арганізацыі, а малюнак на майках – дызайнерскім рашэннем вытворцы».
На думку экспертаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» рашэнні ЦВК незаконныя і не абгрунтаваныя, яны не даюць належнай ацэнкі фактам сур’езных парушэнняў выбарчага заканадаўства (арт. 45, 46, 48 ВК) пры правядзенні агітацыі кандыдатам у прэзідэнты А. Лукашэнка. Выкарыстанне пры правядзенні перадвыбарчых мерапрыемстваў шэрагам дзяржаўных, грамадскіх арганізацый і СМІ сімвала, аналагічнага знаку, які выкарыстоўваецца пры агітацыі за А. Лукашэнку, атаясамлівае гэтыя мерапрыемствы з асобай дадзенага кандыдата, падахвочвае выбаршчыка галасаваць менавіта за яго.
Адзенне вытворчасці ААТ «Світанак» з выявай лозунгу «За будучыню незалежнай Беларусі!» таксама ўтрымлівае прыкметы перадвыбарчай агітацыі. У адпаведнасці з дзеючым выбарчым заканадаўствам выраб ўсёй агітацыйнай прадукцыі павінна ажыццяўляцца за кошт сродкаў, ствофондаранага кандыдатамі ў Прэзідэнты выбарчага фонду.
Юрысты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падалі скаргу ў ЦВК па факту парушэння заканадаўства аб выбарах даверанай асобай кандыдата А. Лукашэнкі, старшынёй Белтэлерадыёкампаніі Г. Давыдзькам. У парушэнне Арт. 46 ВК ён 11 верасня вёў перадачу «Клуб рэдактараў», у якой асвятлялася і тэма выбараў. 24 верасня старшыня ЦВК адрэагавала на парушэнне і заявіла, што «строга папярэдзіла» Г. Давыдзьку. Які прававы статус такога папярэджання, чаму яно з вынесена не самому кандыдату А. Лукашэнку, а яго даверанай асобе, пакуль не высветлена. Адказу з ЦВК не паступіла.