33 артыкул МАП у дачыненні да Беларусі: тлумачэнні ад Беларускага Хельсінкскага Камітэта

26.06.2023

Дысклеймер: мы не ацэньваем эфектыўнасць мер МАП, проста дапамагаем уявіць рамку з пункту гледжання правоў чалавека: як гэта зроблена на ўзроўні фармулёвак, пры чым тут пераслед прафсаюзаў, бізнес і правы чалавека.

 

З якой нагоды? 

Нагадаем, што беларуская дзяржава атрымлівае гэты “фідбэк” МАП у сувязі з парушэннем правоў працаўнікоў, свабоды асацыяцыі, з пераследам незалежных прафсаюзаў і ігнараваннем рэкамендацый МАП больш за 17 гадоў.

Важны фокус у гэтай сітуацыі — бізнес і правы чалавека.

Беларуская дзяржава актыўна выкарыстоўвае бізнэс для вырашэння сваіх палітычных задач — такіх, як стварэнне інструментаў ціску на чалавека, павелічэнне залежнасці ад працадаўцы і, як наступства, ад волі дзяржавы (бо працадаўцаў прымушаюць гэтую волю трансляваць). Дзяржава такім чынам уцягвае бізнэс у парушэнні правоў чалавека.

Масавыя і сур'ёзныя пераследы незалежных прафсаюзаў адбываюцца ў тым ліку не толькі з пункту гледжання дзеянняў дзяржавы (напрыклад, перашкоды ў рэгістрацыі), але і дзеянняў бізнесу. У асноўным гэта тычыцца буйных дзяржаўных прадпрыемстваў, якія татальна залежныя ад дзяржавы. Але пасля 2020 г. дзяржава ўцягвае ў парушэнні правоў чалавека ўсё больш і прыватнага бізнесу, напрыклад, абавязаўшы прыватныя кампаніі ствараць ячэйкі праўладнага прафсаюза - ФПБ.

Болей пра сітуацыю з бізнэсам і правамі чалавека — тут.

Гэта ўсяго другі выпадак у больш чым 100-гадовай гісторыі МАП пасля прымянення такой скрайняй меры ў дачыненні да М’янмы ў 2000 г., што яшчэ раз падкрэслівае выключную сур’ёзнасць парушэнняў свабоды асацыяцыі і правоў прафсаюзаў беларускімі ўладамі. (М’янму пакаралі за шырокамаштабнае і сістэматычные прымяненне прымусовай працы).  

 

 У чым сутнасць 33 артыкула Статута МАП?

Арт. 33 Статута МАП існуе з 1919 г. — ад самага пачатку функцыянавання МАП і, па сутнасці, замацоўвае магчымасць прымянення санкцый за грубае і сістэматычнае невыкананне рэкамендацый Камісіі па расследаванні МАП або невыкананне рашэнняў Міжнароднага Суда ААН.   

Артыкул не змяшчае пераліку канкрэтных мер, як напрыклад, арт. 41 і 42 Статута ААН у дачыненні да санкцый, якія можа прымяняць СБ ААН. Пералік канкрэтных мер прапануе Адміністрацыйны Савет МАП — выканаўчы орган МАП. Першапачаткова ў арт. 33 указвалася, што могуць быць прынятыя толькі эканамічныя меры. У 1946 г. сфера прымянення арт. 33 пашырылася. Цяпер у якасці санкцый могуць быць прапанаваныя любыя меры. 

 

Якія павінны быць меры, прынятыя на аснове арт. 33? 

Паводле тлумачэння арт. 33 Адміністрацыйнага Савету, меры павінны быць «мудрымі» і «мэтазгоднымі», рэлевантнымі для абставінаў канкрэтнай справы.
Меры ў адпаведнасці з арт 33: (i) могуць мець эканамічны ці іншы характар; (ii) павінны знаходзіцца ў межах кампетэнцыі Канферэнцыі; і (iii) павінны быць прапарцыянальнымі і неабходнымі, што азначае, што яны не павінны перавышаць таго, што практычна неабходна для забеспячэння эфектыўнага і своечасовага выканання рэкамендацый Камісіі па расследаванню Беларуссю.

Грунтуючыся на досведзе прымянення арт. 33 у дачыненні да М’янмы ў сакавіку 2000 г., меры могуць быць прынятыя 3 шырокімі катэгорыямі актараў:
(i) органамі МАП;
(ii) чальцамі МАП: урадамі, працадаўцамі, працаўнікамі; і
(iii) МАП з удзелам іншых міжнародных арганізацый і ААН.

У рэзалюцыі па Беларусі (гэтак жа як і па М'янме) гэтым тром групам і адрасуюцца канкрэтныя рэкамендацыі па прыняцці тых ці іншых мер.

 

Якія меры Адміністрацыйны Савет МАП прымяніў у дачыненні да Беларусі?

Што павінна зрабіць сама МАП:

  • Спыніць усялякую тэхнічную дапамогу і супрацоўніцтва з урадам Беларусі з боку МАП, акрамя прамой дапамогі для неадкладнага выканання рэкамендацый Камісіі па расследаванні.
  • Урад Беларусі не павінен атрымліваць ніякіх запрашэнняў на нарады, сімпозіумы ці семінары, якія арганізуюцца МАП, за выключэннем нарад, адзінай мэтай якіх з'яўляецца забеспячэнне неадкладнага і поўнага выканання рэкамендацый Камісіі па расследаванні.
  • Узаемадзейнічаць са Спецыяльным дакладчыкам ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, Спецыяльным дакладчыкам ААН па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне, Спецыяльным дакладчыкам ААН па пытанні аб правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцыі, а таксама Спецыяльным дакладчыкам ААН па пытаннях незалежнасці суддзяў і адвакатаў у мэтах забеспячэння скаардынаваных дзеянняў у дачыненні да рэкамендацыі 8 Камісіі па расследаванні, якая тычыцца неабходнасці гарантаваць бесстароннасць і незалежнасць судовай улады і вяршэння правасуддзя.
  • Звярнуцца да УВКБ ААН і да іншых адпаведных агенцтваў і арганізацый з просьбай аб падтрымцы беларускіх незалежных прафсаюзных актывістаў і членаў іх сем'яў.

 

Што павінны зрабіць члены МАП  урады, працадаўцы (бізнэс) і работнікі (прафсаюзы): 

  • Перагледзець свае адносіны з урадам Беларусі і прыняць належныя меры, каб урад Беларусі не мог выкарыстоўваць такія адносіны для пашырэння парушэнняў правоў работнікаў на свабоду аб'яднання.
  • Дзяржавы павінны забяспечыць выкананне прынцыпу non-refoulement (прынцып невысылкі) у адпаведнасці з міжнародным правам, бо праваабаронцы і прафсаюзы падвяргаюцца рызыцы пераследу; па сутнасьці, гэта азначае, што дзяржавы-сябры МАП не павінны адмаўляць у абароне беларускім прафсаюзным актывістам і сябрам незалежных прафсаюзаў.  

 

Урад Беларусі павінен:

• У тэрміновым парадку прыняць трохбаковую місію МАП для збору інфармацыі аб выкананні рэкамендацый Камісіі па расследаванні. Місія павінна мець магчымасць наведаць незалежных прафсаюзных лідэраў і актывістаў, якія знаходзяцца ў турэмным зняволенні або ў месцах утрымання пад вартай. 

 

Практыка прымянення артыкула 33 (М’янма)

Перад тым артыкул 33 ужываўся толькі аднойчы ў гісторыі: у 2000 г. на Міжнароднай канферэнцыі працы была прынятая рэзалюцыя аб такіх мерах у дачыненні да М'янмы з прычыны невыканання дзяржавай рэкамендацый Камісіі па расследаванні, якая выкрыла шырокамаштабнае і сістэматычнае ўжыванне ў дзяржаве прымусовай працы. У выпадку Беларусі асноўная праблема – са свабодай асацыяцай і правамі прафсаюзаў.

Дзеянні ў адказ на рэкамендаваныя меры былі як з боку дзяржаў, так і з боку міжнародных арганізацый: абмежаванні на імпарт, замарожванне актываў, забарона на ўезд супрацоўнікаў органаў дзяржаўнага кіравання, выкарыстанне свайго членства ў міжнародных фінансавых інстытутах для недапушчэння выдзялення сродкаў М'янме (ЗША), спыненне эканамічнага супрацоўніцтва (Японія), замарозка дапамогі ў галіне сельскай гаспадаркі (Аўстралія), замарозка актываў і рэкамендацыя юрыдычным асобам перагледзець рашэнні аб рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у М'янме (Вялікабрытанія), узмацненне жорсткасці візавых абмежаванняў, правіл турыстычных паездак, абмежаванняў на экспарт у М'янму (Канада), узмацненне жорсткасці умоваў эмбарга на пастаўку зброі, абмежаванні ў фінансавай і турыстычнай сферах (Швейцарыя), адмова Савета Еўрапейскага саюза ў доступе М'янмы да Усеагульнай сістэмы прэферэнцый, узмацненне жорсткасці Саветам Еўропы абмежавальных мер, у тым ліку забароны на выдачу віз, замарожвання актываў, пастаўкі зброі і фінансавых абмежаванняў, якія тычацца супрацоўніцтва з дзяржаўнымі прадпрыемствамі М'янмы.

Праз 12 гадоў, у 2012 г. абмежавальныя меры ў дачыненні да М'янмы сталі паступова здымацца, бо МАП канстатавала прагрэс у выпраўленні сітуацыі і ў выкананні рэкамендацый Камісіі па расследаванні.

 

Перадумовы прынятага рашэння па Беларусі: як даўно ўецца гэтая вяровачка?

Сітуацыя ў Беларусі неаднаразова рабілася прадметам разгляду кантрольных органаў МАП: Камітэта па свабодзе аб'яднання, Камітэта экспертаў па прымяненні канвенцый і рэкамендацый, Камітэта па прымяненні норм. 

 

Гэта пачалося яшчэ ў 2004-м!

Яшчэ ў 2004 г. Адміністрацыйны Савет на 291-й сесіі разгледзеў даклад Камісіі па расследаваннях аб пытанні выканання ўрадам Беларусі Канвенцыі 1948 г. аб свабодзе асацыяцыі і абароне права на арганізацыю і Канвенцыі 1949 г. аб праве на арганізацыю і на вядзенне калектыўных перамоваў і абазначыў неабходнасць прыняцця мер у напрамку сфармуляваных Камісіяй рэкамендацый да 2005 г. 

 

Храналогія разгляду Беларусі ў МАП пасля 2020 г.

Лістапад 2020 г. — Камітэт экспертаў па прымяненні стандартаў МАП ўнёс Беларусь у спіс краін з г.зв. «падвойнай адзнакай» (англ. – double footnotes) разам з Ганай, Таджыкістанам і Туркменістанам для абмеркавання на наступнай сэсіі (якая адбылася ў чэрвені 2021 г.). Такі статус азначае, што МАП прызнала парушэнне правоў працаўнікоў і прафсаюзаў у Беларусі асабліва сур'ёзнай праблемай, перманентнай (як мінімум з 2004 г.), якая патрабуе неадкладных мер, а таксама гэта азначае нездаволенасць аб'ёмам і якасцю рэакцыі і адказаў дзяржавы на пастаўленыя пытанні.

Люты 2021 г. — Камітэт экспертаў па прымяненні стандартаў МАП у сваім Дакладзе па прымяненні міжнародных працоўных стандартаў (за 2020 г.) разгледзеў у асаблівым парадку сітуацыю з Беларуссю ў кантэксце абавязальніцтваў па Канвенцыі МАП № 87 (аб свабодзе аб'яднанняў і абароне права аб'ядноўвацца ў прафсаюзы) і:

  • па-першае, спаслаўся на заяву Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН ад 4.12.2020 г., у якой падкрэсліваецца, што па выніках маніторынгу і аналізу можна зрабіць выснову, што ўдзельнікі масавых акцыяў пратэсту былі мірна настроеныя;
  • па-другое, што асабліва важна – Камітэт падкрэсліў сувязь сацыяльных і эканамічных правоў працоўных з іх грамадзянскімі і палітычнымі правамі і свабодамі. Сярод грамадзянскіх правоў, неабходных для нармальнага функцыянавання правоў прафсаюзаў - свабода выказвання меркавання, свабода сходаў, свабода ад адвольных затрыманняў і права на справядлівы суд. Камітэт прызнае, што страйк - гэта сродак для вырашэння спрэчак у рамках незадаволенасці працоўнай і сацыяльнай палітыкай дзяржавы і страйкі не павінны быць палітычнымі акцыямі. Разам з тым, паколькі дэмакратычная сістэма ў дзяржаве - фундаментальная ўмова для ажыццяўлення правоў прафсаюзаў, то ў сітуацыі, калі работнікі лічаць, што іх свабоды не забяспечваюцца дастаткова для таго, каб рэалізоўваць функцыі прафсаюза, мірны заклік да забеспячэння такіх свабод будзе ў рамках функцый і дзеянняў прафсаюза.

Сакавік 2021 г.   – іншы камітэт – Камітэт па свабодзе асацыяцый МАП - чарговы раз разгледзеў пытанне аб мерах, прынятых Беларуссю для імплементацыі рэкамендацый Камісіі па расследаванні 2004 г. (усяго гэты Камітэт разглядаў сітуацыю па Беларусі з 2004 г. 12 разоў), таксама падрабязна разгледзеўшы поствыбарчую сітуацыю і зрабіў такія ж высновы, высунуў такія ж патрабаванні, як і Камітэт экспертаў па прымяненні стандартаў МАП.

Чэрвень 2021 г. — па выніках лістападаўскага рашэння Камітэт экспертаў па прымяненні стандартаў МАП разгледзеў кейс Беларусі, прыняў даволі жорсткія (у тым ліку па фармулёўках) заключэнні, уключаючы ўнясенне высноваў па краіне ў спецыяльны параграф (гэта значыць наступным разам можа быць прыменены арт. 33 Статута МАП), калі Беларусь не выканае рэкамендацыі. У прыватнасці, Камітэт, вывучыўшы афіцыйную пазіцыю Беларусі і іншых краін (якія падтрымліваюць, і якія не падтрымліваюць пазіцыю дзяржавы) прыйшоў да высновы, што за амаль 17 гадоў Беларусь не прыняла рэлевантных мер для таго, каб улічыць большасць рэкамендацый, звязаных з парушэннямі правоў работнікаў і прафсаюзаў

Сакавік 2022 г. — былі ўхваленыя Адміністрацыйным Саветам МАП у сакавіку 2022 г. рэкамендацыі ў адрас Беларусі:

  • прадухіляць парушэнні правоў чалавека і забяспечыць шанаванне правоў і свабод работнікаў, вызваліць членаў прафсаюзаў і зняць абвінавачанні, звязаныя з удзелам у мірных акцыях пратэсту і страйках, забяспечыць пацярпелым адэкватную кампенсацыю панесеных страт;
  • гарантаваць службовым асобам прафсаюзаў належную абарону аж да імунітэту ад адміністрацыйнага затрымання пры выкананні імі сваіх абавязкаў, неадкладна расследаваць усе выпадкі меркаванага запалохвання або прымянення фізічнага гвалту;
  • унесці папраўкі ў заканадаўства па ўзгадненні з сацыяльнымі партнёрамі, каб забяспечыць абарону работнікаў ад любых актаў дыскрымінацыі, мірнае выкарыстанне права на страйк для абароны сваіх прафесійных і эканамічных інтарэсаў, якія тычацца не толькі паляпшэння ўмоваў працы або калектыўных прэтэнзій прафесійнага характару, але і пошуку рашэнняў праблем эканамічнай і сацыяльнай палітыкі;
  • прыняць неабходныя меры для забеспячэння таго, каб ні адна асоба не была затрыманая ў сувязі з яе ўдзелам у мірным страйку, забяспечыць асобам, якія падвергліся затрыманню або арышту, адэкватную кампенсацыю за панесеныя страты;
  • прадаставіць інфармацыю аб меркаваных фактах звальненняў і пазбаўлення прэмій асоб, якія пацярпелі з прычыны ўдзелу ў мірным страйку, і забяспечыць аднаўленне работнікаў на пасадзе;
  • устрымлівацца ад прадузятых адносін да асобных прафсаюзаў і спыніць умяшанне ў стварэнне прафсаюзаў;
  • унесці папраўкі ў Закон аб масавых мерапрыемствах і адпаведныя Пастановы, а таксама Дэкрэт № 3 аб замежнай бязвыплатнай дапамозе;
  • зрабіць усе неабходныя захады, уключаючы змяненне заканадаўства, для забеспячэння права на справядлівае судовае разбіральніцтва;
  • працягваць супрацоўніцтва з сацыяльнымі партнёрамі і іншымі зацікаўленымі бакамі па стварэнні эфектыўнага пазасудовага механізму вырашэння працоўных спрэчак.

Лістапад 2022 г. — рашэнне аб прымяненні арт. 33 Статута МАП, бо ўрад ніяк не адрэагаваў на ўсе папярэднія папярэджанні і рэкамендацыі. 

Сакавік 2023 г. —  на 347 сесіі ў Жэневе, Адміністрацыйны Савет МАП разгледзеў прапановы мер, у адпаведнасці з артыкулам 33 Статута МАП, па забеспячэнні выканання рэкамендацый Камісіі па расследаванні, створанай для вывучэння прымянення ўрадам Беларусі Канвенцыі 1948 г. аб свабодзе аб'яднанняў і абароне права аб'ядноўвацца ў прафсаюзы (87) і Канвенцыі 1949 г. аб прымяненні прынцыпаў права на аб'яднанне ў прафсаюзы і на вядзенне калектыўных перамоваў (98). Па выніках разгляду прапанаваных мер Адміністрацыйны Савет прыняў рашэнне, датычнае такіх мер, і прапанаваў тэкст рэзалюцыі для разгляду і зацвярджэння (цалкам або часткова) Міжнароднай канферэнцыяй працы на 111-й сесіі ў чэрвені 2023 г.

12 чэрвеня 2023 г. —  быў прыняты спіс канкрэтных рэкамендацый па мерах у дачыненні да Беларусі ў рамках прымянення арт. 33 Статута.