У сувязі з сітуацыяй, якая разгортваецца вакол Дэкрэта №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", расказваем, як паводзіць сябе, калі вы атрымалі "ліст шчасця".
Не хавайцеся ад «лістоў шчасця», гэтая стратэгія не працуе
Нават калі вы не атрымалі гэты ліст пад подпіс, ён лічыцца ўручаным праз 10 дзён пасля яго накіравання (такі дзіўны парадак прадугледжаны самім Дэкрэтам №3).
На працягу 30 каляндарных дзён патлумачце дзяржаве, у асобе ІМПЗ, чаму вы не абавязаны плаціць гэты збор
Тэрмін на працягу 30 дзён для накіравання тлумачэнняў пачынае iсцi з моманту ўручэння вам ліста асабіста пад подпіс, альбо па заканчэнні 10 дзён з моманту накіравання ліста з ІМПЗ.
Як накіраваць тлумачэнні ў ІМПЗ
Адрас вашага ІМПЗ можна знайсці на канверце ад "ліста шчасця" альбо на сайце.
Тлумачэнні можаце аднесці асабіста (у такім выпадку пажадана прынесці тлумачэнні ў 2-х экземплярах, каб на адным з іх паставіць штамп рэгістрацыі уваходнай карэспандэнцыі, а другі пакінуць у ІМПЗ) альбо накіраваць па пошце (заказным лістом з паведамленнем). Тлумачэнні таксама можна накіраваць і праз форму электроннага звароту (у гэтым выпадку на ваш электронны адрас павінна прыйсці пацвярджэнне аб тым, што ліст накіраваны; на ўсялякі выпадак рэкамендуем зрабіць скрыншот інтэрнэт-старонкі).
Як скласці тлумачэнні
Мы прыкладаем узор тлумачэнняў. Гэта самы агульны варыянт ліста, вам трэба дапоўніць яго, зыходзячы з вашай асабістай сітуацыі. У тлумачэнні можна спаслацца на прававыя аргументы, падрыхтаваныя юрыстамі РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" у Прававым аналізе аб неканстытуцыйнасці Дэкрэта № 3 і патрабаванняў па выплаце збору (у частцы 3 аналізу).
Калі гэта магчыма, да тлумачэння прыкладайце дакументы, якія пацвярджаюць адсутнасць абавязку па выплаце збору (напрыклад, даведку з сельсавета, якая пацвярджае вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі, копію пасведчання аб нараджэнні дзіцяці - пры даглядзе за дзіцем да 7 гадоў і г.д.).
Калі падобных дакументаў няма і вас проста не задавальняе неканстытуцыйнасць дэкрэта, у сваім тлумачэнні спасылайцеся на тое, што патрабаванні аб выплаце збору супярэчаць Канстытуцыі. Можна прывесці аргументы аб неадпаведнасці патрабаванняў аб выплаце збору Канстытуцыі і міжнародным абавязкам Рэспублікі Беларусь. Неабходна прасіць ануляваць паведамленне па прычынах, што названыя у вашым тлумачэнні.
Паралельна звярніцеся ў мясцовы Савет дэпутатаў
Таксама можна звярнуцца ў мясцовы Савет дэпутатаў з заявай аб вызваленні ад выплаты збору (адрас савета дэпутатаў можна знайсці на сайце вашага раённага выканкаму ці адміністрацыі). Такое права з'явілася з прыняццем адпаведных дапаўненняў у Дэкрэт № 3. Мясцовым Саветам дэпутатаў або па iх даручэнню мясцовым выканаўчым і распарадчым органам дадзена права вызваляць грамадзян ад выплаты збору ў сувязі са знаходжаннем ў цяжкай жыццёвай сітуацыі (пункт 15-1 Дэкрэта №3). Пад складанай жыццёвай сітуацыяй разумеецца аб'ектыўная акалічнасць (сукупнасць абставін), што не залежыць ад грамадзяніна, якую ён не можа пераадолець за кошт наяўных магчымасцяў.
Да заявы прыкладайце дакументы, якія пацвярджаюць, што ў 2015 годзе вы апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі (даведкі аб стане здароўя, заява ад бацькоў, за якімі ажыццяўляўся дагляд, копіі дакументаў аб інваліднасці бацькоў і г.д.).
На працягу месяца вам павінны паведаміць аб прынятым рашэнні (яно афармляецца ў выглядзе выпiскi з рашэння). Калі рашэнне станоўчае - нясіце яго ў сваю ІМПЗ для таго, каб яны «закрылі» вашу справу. Калі рашэнне адмоўнае - можна абскардзіць яго ў вышэйстаячы дзяржаўны орган (абласны савет дэпутатаў або абласны выканаўчы камітэт).
Тэрміны разгляду вашых тлумачэнняў у ІМПЗ
Тлумачэнне павінна быць разгледжана ў месячны тэрмiн з дня яго атрымання падатковай інспекцыяй (калі яно было накіравана заказным лістом з паведамленнем), альбо з моманту рэгістрацыі дакумента ў ІМПЗ (калі тлумачэнне або скарга прынесены асабіста), альбо з моманту атрымання электроннага звароту. На час разгляду тлумачэнняў ІМПЗ прыпыняе прыняцце мер па спагнанні збору.
Адказ ІМПЗ не задавальняе - абскарджвайце яго у вышэйстаячую інспекцыю ў месячны тэрмін
Крок 1. Калі адказ ІМПЗ вас не задаволіў, вы маеце права звярнуцца са скаргай у вышэйстачую падатковую инспецию (абласную, Мiнскую гарадскую) у месячны тэрмiн з дня атрымання адказу ніжэйстаячай ІМПЗ. Рэкамендуем прасіць вышэйстаячую ІМПЗ прыпыніць спагнанне збору да разгляду скаргі.
Кантакты абласных (Мiнскай гарадской) ІМПЗ можна знайсці на сайце Міністэрства па падатках і зборах.
Крок 2. Пры нязгодзе з рашэннем вышэйстаячай інспекцыі скаргу ў месячны тэрмін варта падаць у Міністэрства па падатках і зборах (220010, г.Мінск, вул. Савецкая, 9; альбо праз форму электроннага звароту).
Крок 3. Калі і Міністэрства адмовіла ў задавальненні скаргі, можна звярнуцца ў суд па месцы знаходжання раённай падатковай інспекцыі. Скарга ў суд падаецца ў месячны тэрмін з дня атрымання адказу апошняй інстанцыі. Абскарджанне дзеянняў ІМПЗ ў судовым парадку запатрабуе аплаты дзяржпошліны ў суме 1 базавай велічыні. Для дапамогі ў складанні скаргі ў суд звяртайцеся да адвакатаў альбо ў РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт".
У Дэкрэце № 3 устаноўлена, што на перыяд разгляду дакументаў і (або) тлумачэнняў падатковы орган прыпыняе прыняцце ім мер па спагнанні збору. У сувязі з гэтым рэкамендуем у кожным прававым дакуменце, які накіроўваеце ў падатковыя органы, указваць просьбу аб прыпыненні спагнання збору да разгляду тлумачэння ці скаргі.
Увага! Каб не застацца без пенсіі ў сувязі з новымі правіламі пенсійнага забеспячэння рэкамендуем прачытаць пра пастку страхавога стажу. У пастку страхавога стажу трапляюць людзі, якія даглядаюць інвалідаў 1й групы, супрацоўнікі органаў унутраных спраў, маці і многія іншыя людзі.
Як атрымаць прававую дапамогу ў РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт"
Вы можаце звярнуцца да нас за кансультацыяй праз [email protected] або па тэл. 8-017-222-48-00, па аўторках і чацвяргах з 11.00 да 17.00.
Як дапамагчы іншым людзям
Распавядзіце ім пра дадзены алгарытм.
Інфармуйце нас аб атрыманых адказах ад падатковых органаў для аналізу і абагульнення практыкі разгляду скаргаў.
Таксама нагадваем 7 аргументаў, чаму Дэкрэт варта прызнаць парушаючым Канстытуцыю і міжнародныя дамовы краіны і адмяніць
Сярод парушэнняў – не толькі новая форма прымусовай працы, але і замах на права і абавязак грамадзян выхоўваць дзяцей і клапаціцца аб састарэлых бацьках, сур'ёзныя абмежаванні на абарону персанальных дадзеных і прыватнага жыцця і перавышэнне паўнамоцтваў з боку Прэзідэнта.
Глядзіце слайды ці малюнкі ніжэй, каб зразумець аргументы праваабаронцаў