Сяргей Моніч прысудам суда Мінскага раёна Мінскай вобласці ад 2.04.2021 г. асуджаны за нанясенне надпісаў «АМАП – забойцы», «3%» па ч. 1 арт. 339 КК да 1 года пазбаўлення волі, за нанясенне надпісу «Кубракоў – фашыст» па арт. 369 КК да 3 месяцаў арышту, а таксама за захоўванне і перавозку наркатычнага сродку – марыхуаны масай 0,1 г без мэты збыту па ч. 1 арт. 328 КК да 2 гадоў пазбаўлення волі. Шляхам частковага складання пакаранняў яму прызначана пакаранне ў выглядзе 3 гадоў пазбаўлення волі ў ПК ва ўмовах агульнага рэжыму.
У дачыненні да пераследу Сяргея Моніча па арт. 339 і 369 за нанясенне надпісаў пратэстнага характару мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы неаднаразова выказаныя намі патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асоб, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (сумесная заява ад 22 снежня 2020 г.), лічым пераслед і пазбаўленне волі Сяргея Моніча па арт. 339 і 369 КК палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання.
Адносна асуджэння Сяргея Моніча па ч. 1 арт. 328 КК мы прыходзім да наступных высноваў (падрабязна – у Заключэнні):
Вывучэнне практыкі судоў паказвае, што пазбаўленне волі па ч. 1 арт. 328 КК прызначаецца пры рэцыдыве злачынстваў або здзяйсненні гэтага злачынства ў сукупнасці з іншымі цяжкімі злачынствамі.
Такім чынам, пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады за захоўванне без мэты збыту нязначнай колькасці наркотыку – марыхуаны масай 0,1 г з'яўляецца відавочна непрапарцыйным, неадэкватным правапарушэнню па працягласці і ўмовах пазбаўлення волі; мы таксама ўпэўненыя ў тым, што Сяргей Моніч быў пазбаўлены волі па гэтым складзе выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.
У адпаведнасці з Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным таксама з'яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яго пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:
- c) працягласць або ўмовы пазбаўлення волі відавочна непрапарцыйна (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім асоба падазраецца, абвінавачваецца альбо было прызнана вінаватым;
- d) асоба пазбаўлена волі выбіральна у параўнанні з іншымі асобамі.
У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі Сяргея Моніча палітычна матываваным, а яго самога палітычным зняволеным у адпаведнасці з п. 3.2 (c, d) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены".
Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, патрабуем ад уладаў Беларусі:
- перагляду прынятых у дачыненні да Сяргея Моніча мер і судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на прысуд, а таксама яго вызвалення з ужываннем іншых мер, якія забяспечваюць яўку ў суд;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.
Праваабарончы цэнтр " Вясна";
"Ініцыятыва FORB";
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Беларусі ПЭН-цэнтр;
РГА "Прававая ініцыятыва”;
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве " Хьюман канстанта";
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт".