Пазіцыя беларускіх праваабарончых арганізацый па факце смерці Рамана Бандарэнкі

16.11.2020
raman ploshcha peramen

12 лістапада ў бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі памёр Раман Бандарэнка, збіты ўвечары 11 лістапада ў раёне вуліцы Чарвякова (на "Плошчы пераменаў"). У ноч з 11 на 12 лістапада ён быў дастаўлены ў бальніцу з Цэнтральнага РУУС г. Мінска з вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, пашкоджаннямі. Аперацыя доўжылася некалькі гадзін, лекары не змаглі выратаваць яго жыццё.

Шматлікія відэазапісы, сведчанні відавочцаў дазваляюць зрабіць выснову аб тым, што да злачынства з высокай ступенню верагоднасці датычныя супрацоўнікі спецыяльных падраздзяленняў МУС Беларусі. Пра гэта сведчаць, у прыватнасці, мэта іх дзеянняў – зрыванне пратэстнай сімволікі, характэрная для прадстаўнікоў сілавых структур экіпіроўка, прафесійныя і скаардынаваныя дзеянні нападнікаў па затрыманні і перамяшчэнні Рамана ў мікрааўтобус, які, як мяркуецца, належыць аднаму з спецпадраздзяленняў міліцыі, а таксама дастаўленне яго пасля непасрэднага затрымання ў Цэнтральны РУУС г. Мінск. Непрыняцце неадкладных, прадугледжаных працэсуальным законам мер для расследавання дадзенага злачынства, з'яўляецца дадатковым сведчаннем дачынення ўлады да яго здзяйснення.

Мы звяртаем увагу на тое, што да выкліку хуткай Раман на працягу каля 2 гадзін знаходзіўся ў будынку Цэнтральнага РУУС г. Мінска, г. зн. пад поўным кантролем міліцыі. У сувязі з гэтым патрабуе аб'ектыўнай праверкі законнасць дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі, якія, відавочна, не прынялі меры па забеспячэнні збітага чалавека тэрміновай медыцынскай дапамогай.

Па факце смерці Рамана Бандарэнкі мы патрабуем ад Следчага камітэта і Генеральнай пракуратуры ўзбуджэння крымінальнай справы, а ад органаў унутраных спраў – неадкладнага ўстанаўлення і вышуку асоб, датычных да злачынства.

Мы таксама ў чарговы раз патрабуем ад супрацоўнікаў сілавых структур спыніць гвалт у дачыненні да мірных грамадзян, адмовіцца ад выканання загадзя злачынных загадаў і распараджэнняў па ўжыванні непрапарцыйнай сілы, гвалту, катаванняў і жорсткага абыходжання да грамадзян; ад Следчага камітэта – неадкладнага ўзбуджэння крымінальных справаў па фактах масавых катаванняў і забойстваў грамадзян, якія ўдзельнічаюць у мірных пратэстах, аб'ектыўнага і бесстаронняга расследавання гэтых фактаў; ад органаў пракуратуры – выкарыстання ўсіх мер пракурорскага рэагавання па спыненні відавочна непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі, аб'ектыўнага і бесстаронняга нагляду за дзеяннямі следчых па разглядзе заяваў аб катаваннях, расследаванні забойстваў мірных дэманстрантаў.

Менавіта беспакаранасць супрацоўнікаў міліцыі, якія прымяняюць катаванні, жорсткасць і гвалт да людзей, поўнае ігнараванне базавых правоў чалавека з боку ўлады і праваахоўных органаў, а таксама татальная бяздзейнасць органаў пракуратуры і Следчага камітэта прывялі да дадзенай трагедыі, таму толькі няўхільнае выкананне прынцыпу няўхільнасці пакарання дапаможа пазбегнуць яе паўтарэння, далейшай эскалацыі гвалту і пагаршэння крызісу правоў чалавека ў краіне.

Рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб'яднанне "Беларускі Хельсінкскі Камітэт";

Праваабарончы цэнтр "Вясна”;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман канстанта”;

Простае таварыства “Ініцыятыва Forb”;

Асветніцкая ўстанова "Цэнтр прававой трансфармацыі";

Публічная ўстанова "Беларускі дакументацыйны цэнтр";

Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Прававая ініцыятыва";

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Асветніцкая праваабарончая ўстанова "Офіс па правах людзей з інваліднасцю";

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

 

*Фота Рамана - з сацсетак.