ПРАВААБАРОНЦЫ НАКІРАВАЛІ Ў КАМІТЭТ ПА ЭКАНАМІЧНЫХ, САЦЫЯЛЬНЫХ І КУЛЬТУРНЫХ ПРАВАХ АЛЬТЭРНАТЫЎНЫ ДАКЛАД АБ СІТУАЦЫІ З ПРАВАМІ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ

20.01.2022

Праваабаронцы падрыхтавалі і накіравалі ў Камітэт па эканамічных, сацыяльных і культурных правах (КЭСКП) даклад аб выкананні беларускім урадам Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах.

Пры каардынацыі Беларускага Хельсінкскага Камітэта над падрыхтоўкай дакладу працавалі эксперты Праваабарончага цэнтру “Вясна”, Lawtrend, Офіса па правах людзей з інваліднасцю і Беларускага ПЭН.

Таксама ў дакладзе выкарыстоўвалася інфармацыя іншых арганізацый грамадзянскай супольнасці, якія з-за асцярогі пераследу за супрацоўніцтва з Камітэтам прасілі захаваць іх ананімнасць.

Акрамя даўніх праблем у рэалізацыі сацыяльных і эканамічных правоў, такіх як прымусовая праца, праблемы доступу да належнага медыцынскага абслугоўвання ў месцах пазбаўлення волі, у дакладзе апісаны ключавыя падзеі апошніх двух гадоў з пункту гледжання выканання эканамічных, сацыяльных і культурных правоў у Беларусі.

Эксперты звярнулі ўвагу Камітэта на сур'ёзныя парушэнні права на працу, у тым ліку масавыя звальненні па палітычных матывах у розных сферах, а таксама на праблемы ў рэалізацыі права на дастатковы жыццёвы ўзровень і права на здароўе.

У дакладзе таксама асвятляюцца парушэнні правоў прафсаюзаў ва ўмовах палітычнага крызісу ў Беларусі, парушэнні права на свабоду аб'яднання (у прыватнасці, масавая ліквідацыя арганізацый грамадзянскай супольнасці, адказных за абарону і прасоўванне сацыяльных, эканамічных і культурных правоў), парушэнні права на адукацыю (у прыватнасці, затрыманні і прыгнёт навучэнцаў і выкладчыкаў, палітычна матываваныя звальненні ў сістэме адукацыі).

Асобна эксперты звярнулі ўвагу Камітэта на сітуацыю ў краіне ў сувязі са складаным эпідэміялагічным кантэкстам COVID-19, а таксама на непаслядоўнасць і недастатковасць мер, што прымаюцца ўрадам па забеспячэнні эканамічных і сацыяльных правоў грамадзян.

Дакумент таксама змяшчае падрабязнае апісанне праблем няроўнасці паміж жанчынамі і мужчынамі ў працоўных адносінах, парушэння правоў уразлівых груп, у тым ліку людзей з інваліднасцю, і дыскрымінацыі ў цэлым, у тым ліку адсутнасць комплекснага антыдыскрымінацыйнага заканадаўства.

Даклад змяшчае шэраг рэкамендацый ураду Беларусі, якія, на думку праваабаронцаў, дапамогуць палепшыць сітуацыю і забяспечыць агульную адпаведнасць стандартам Пакта.

Даклад будзе разгледжаны Камітэтам на яго 71-й сесіі, якая пройдзе з 14 лютага да 4 сакавіка 2022 года. Сітуацыя ў Беларусі будзе разгледжана 15 і 16 лютага. Прамая трансляцыя пасяджэння Камітэта будзе даступна тут.