Праваабаронцы пракаментавалі заключныя заўвагі Камітэта па правах чалавека ААН па выніках прадастаўлення пятага перыядычнага даклада Беларуссю

15.11.2018

Крыніца: ПЦ "Вясна".

Валянцін Стэфановіч з Праваабарончага цэнтра “Вясна”, Дзмітрый Чарных з Беларускага Хельсінкскага камітэта і Алег Агееў з Беларускай асацыяцыі журналістаў пракаментавалі заключныя заўвагі Камітэта па правах чалавека ААН па выніках прадастаўлення пятага перыядычнага даклада Беларуссю.

(Нагадаем, 8-9 кастрычніка на 124-й сесіі Камітэта ААН па правах чалавека (КПЧ) Беларусь прадставіла справаздачу аб выкананні Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Праваабаронцы ў сваю чаргу падрыхтавалі альтэрнатыўны даклад. - заўвага belhelcom.org)

Праваабаронцы нагадалі, што гэта першая справаздача Беларусі за апошнія 20 гадоў у Камітэце, што дае магчымасць уладзе казаць пра ліквідацыю ўсіх запазычанасцяў перад дагаварнымі органамі ААН. Альтэрнатыўная справаздача была падрыхтаваная 12 праваабарончымі арганізацыямі і таксама прадстаўленая дэлегацыяй з чатырох праваабаронцаў сябрам Камітэта.  

Цяпер Дзмітрый Чарных звярнуў увагу на важнасць прадастаўлення грамадзянскай супольнасцю альтэрнатыўных справаздачаў у дагаварныя органы ААН, як элемент прасоўвання розных тэмаў на міжнародным узроўні і як вынік, пасля атрымання рэкамендацый, улады павінны паклапаціцца пра вырашэнне гэтых праблемаў унутры краіны. Ён заклікаў тыя грамадзянскія арганізацыі, якія займаюцца рознымі, нават вузкімі тэмамі, але якія звязаныя з правамі чалавека, прадстаўляць сваю інфармацыю пра палажэнне тых ці іншых правоў у Беларусі. Асабліва гэта тычыцца тых арганізацый, якія займаюцца правамі чалавека ў сферы эканамічных, сацыяльных і культурных правоў, бо ў адпаведны Камітэт будзе ў хуткім часе прадастаўляцца справаздача беларускага ўрада. А ў грамадзянскай супольнасці ёсць магчымасць падрыхатаваць альтэрнатыўнае бачанне і прадставіць яго перад дагаварным органам. 

Акрамя таго, Дзмітрый Чарных адзначыў, што амаль усе праблемы, якія былі прадстаўленыя праваабаронцамі ў альтэрнатыўнай справаздачы, увайшлі ў заключныя заўвагі Камітэта.

“Беларускі Хельсінкскі Камітэт актыўна прасоўвае неабходнасць прыняцця антыдыскрымінацыйнага заканадаўства ў Беларусі, і рэкамендацыя пра тое, што Беларусі неабходны гэты ўсеабдымны закон, у якім будуць пералічаныя асноўныя антыдыскрымінацыйныя паняцці, знайшлі адлюстраванне ў заключных заўвагах Камітэта. І мы спадзяемся, што ўрад прыме гэты закон”, - падкрэсліў ён.

Праваабаронца адзначыў, што Камітэт выказаў заклапочанасць адносна ўразлівых групаў насельніцтва – нацыянальных меншасцяў (рома), прадстаўнікоў ЛГБТК+, людзей з інваліднасцю, і па кожнай з іх таксама даў рэкамендацыі дзяржаве-удзельніцы.

Дзмітрый Чарных вітаў заўвагі Камітэта і па праблеме незалежнасці судовай улады і справядліваму судоваму разбіральніцтву:

  • прыняць усе неабходныя меры для забеспячэння поўнай незалежнасці судовай улады на заканадаўчым узроўні і на практыцы, у тым ліку шляхам перагляду ролі прэзідэнта ў працэсе выбара, прызначэння, паўторнага прызначэння, прадвіжэння па службе і звальнення суддзяў;
  • разглядзець пытанне пра стварэння незалежнага органа для ўпраўлення працэсам адбора суддзяў і забеспячэння гарантыяў нязменнасці суддзяў.

У тым ліку Камітэт занепакоены пастаяннымі паведамленнямі пра ціск на адвакатаў і іх пераслед, асабліва ў выпадках выступленняў адвакатаў у палітызаваных справах. Ён рэкамендаваў дзяржаве мінімізаваць удзел Міністэрства юстыцыі ў дзейнасці адвакатуру, пераглядзець заканадаўства і практыку ў адносінах ліцэнзавання і маніторынга працы адвакатаў з мэтай забеспячэння поўнай незалежнасці адвакатаў і асацыяцый адвакатаў.

Дзмітрый Чарных адзначыў рэкамендацыі Камітэта ААН і па пытанні свабоды асацыяцыяў: адмена арт. 193 прым. 1 Крымінальнага кодэкса і адмова ад замены яго адміністрацыйнай адказнасцю; спрашчэнне правілаў рэгістрацыі такім чынам, каб гарантаваць права на аб’яднанні, спрасціць кантроль або ўмяшальніцтва ў рэгуляванне замежнага фінансавання грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку шляхам перагляду відаў дзейнасці, у адносінах да якіх можа быць выкарыстана такое фінансаванне, а таксама ліквідацыя перашкодаў у рэгістрацыі і дзейнасці прафсаюзаў шляхам адмены абмежаванняў на права забастоўкі, расследаванне ўсіх паведамленняў пра ўмяшанне ў дзейнасць прафсаюзаў і рэпрэсій у адносінах да прафсаюзных актывістаў.

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў таксама быў у складзе дэлегацыі ў Жэневе і мог ужывую назіраць за прадастаўленнем справаздачы афіцыйнай дэлегацыі. Ён параўнаў выступ уладаў з іспытам, на якім "студэнт" не надта добра ведае прадмет і замест гэтага спрабуе дастаткова агрэсіўна выбудоўваць адносіны з выкладчыкам.

“І я вельмі рады, што сябры Камітэта адэкватна рэагавалі і задавалі пытанні, якія паказвалі, што яны не дазволяць загаворваць вострыя тэмы і яны бачаць, што дзяржава замоўчвае важныя праблемы. І вельмі рады, што шматлікія нашыя рэкамендацыі ўвайшлі ў заключныя заўвагі”, - сказаў Алег Агееў.

Ён падкрэсліў, што Камітэт падзяляе занепакоенасць праваабаронцаў у тым, што ў Беларусі існуе практыка і заканадаўства, якія ўшчамляюць свабоду слова па цэламу шэрагу момантаў. Так, Камітэт выказаў занепакоенасць прынятымі у 2018 годзе зменамі ў Закон “Аб СМІ”, які ўзмацніў кантроль дзяржавы за інтэрнэт-сферай, у тым ліку ўводзіць абавязковую рэгістрацыю анлайн-рэсурсаў у якасці СМІ, надае магчымасць Міністэрству інфармацыі блакаваць любы сайт, а праваахоўным органам – прыцягваць да адказнасці журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ і забараняць дзейнасць журналістаў замежных СМІ без акрэдытацыі. Усё гэта, па меркаванні дагаварнога органа, не адпавядае стандартам свабоды слова.

Акрамя гэтага, у чарговы раз Беларусі былі дадзеныя рэкамендацыі па адмене дыфамацыйных артыкулаў у Крымінальным кодэксе, якія тычацца адказнасці за паклёп, абразу, у асаблівасці паклёп і абразу службовых асобаў дзяржавы і прэзідэнта.

“Цяпер, калі мы мае замацаваны фармалізаваны накірунак, які Беларусь атрымала ў межах сваіх абавязательстваў на міжнароднай арэне, наша задача аказваць ціск на нашыя дзяржаўныя органы, каб унутры Беларусі гэта рэалізоўвалася”, - падкрэсліў Алег Агееў.

Валянцін Стэфановіч адзначыў тыя пункты, якія распрацоўвала і прасоўвала “Вясна” ў альтэрнатыўным дакладзе – смяротнае пакаранне, катаванні, прымусовая праца.Асобна спыніўся на праблеме  гвалтоўных знікненняў, якой займаўся "Беларускі дакументацыйны цэнтр".

Праваабаронца адзначыў, што Камітэт указаў беларускаму ўраду на неабходнасць крыміналізацыі гвалтоўных знікненняў ў заканадаўстве Беларусі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, а таксама належнага і бесстаронняга раследвання фактаў гвалтоўных знікненняў. 

Адносна смяротнага пакарання Камітэт улічыў рэкамендацыі праваабаронцаў – патрабаванне ўвядзення мараторыя і ратыфікацыя другога факультатыўнага пратакола да Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама змяненне арт. 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса ў частцы працэдур выканання смяротнага пакарання.

“Камітэт па правах чалавека ўслед за Камітэтам супраць катаванняў патрабуе крыміналізацыі ўсіх відаў катаванняў у Крымінальным кодэксе, чаго ў нас дагэтуль няма”, - падкрэсліў Валянцін Стэфановіч.

У частцы практыкі прымусовай працы, па меркаваннях КПЧ, дзяржава-удзельніца мусіць правесці комплексную рэвізію заканадаўства (Указ Прэзідэнта № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у праблемных сем'ях” і Закон “Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх”) і ўсёй практыкі, звязанай з недобраахвотнай працай, з мэтай прывядзення такой практыкі у поўную адпаведнасць з палажэннямі Пакта, асабліва яго артыкулаў 8 і 9.

“Рэкамендацыяў дагаварных органаў назбіралася вельмі шмат - ад Камітэта па правах чалавека, Камітэта супраць катаванняў, Камітэта па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі і ад Камітэта па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын. І цяпер нам трэба намагацца, каб усе гэтыя рэкамендацыі былі імплементаваныя, і найлепшы варыянт – гэта новы нацыянальны план. Калі ўзяць гэтыя рэкамендацыі, то можна пабачыць, што яны адлюстроўваюць усе надзённыя праблемы, якія ёсць у Беларусі з правамі чалавека. 

Пры гэтым мы разумеем, што за выкананне правоў чалавека адказны ўрад краіны. Таму мы будзем выходзіць з прапановамі і да ўладаў, каб яны разгледзелі рэкамендацыі, імплементавалі іх у нацыянальны план і імкнуліся рэалізаваць іх на практыцы”, - падвёў рысу Валянцін Стэфановіч.

Праз чатыры гады ўрад Беларусі павінен зноў адсправаздачыцца ў Камітэце па пытанні таго, як рэалізуюцца дадзеныя дагаварным органам рэкамендацыі.