Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Human Constanta і міжнародная НДА ў сферы лічбавых правоў Access Now звярнуліся да Рабочай групы ААН па бізнесе і правах чалавека, да Спецдакладчыка ААН па праве на абарону прыватнага жыцця, да Спецдакладчыка ААН па свабодзе выказвання меркаванняў і да Спецдакладчыка па Беларусі па наконт свежага ўказа А. Лукашэнкі № 368 «Аб узаемадзеянні аператараў электрасувязі, пастаўшчыкоў паслуг электрасувязі і ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў з органамі, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць».
Практыка сачэння праз прамы выдалены доступ да дадзеных тэлекамунікацыйных паслуг (напрыклад, праслухоўванне званкоў, вызначэнне месцазнаходжання) была шырока распаўсюджаная ў Беларусі як мінімум з 2010 года. Аднак новы ўказ інстытуцыяналізуе сачэнне і выводзіць яго на беспрэцэдэнтны ўзровень.
Указ абавязвае анлайн-рэсурсы, такія як паштовыя правайдэры, месэнджэры, інтэрнэт-крамы, службы таксі і каршэрынгу, захоўваць дадзеныя аб карыстальніках і прадастаўляць уладам прамы выдалены доступ да такіх дадзеных. Гэта азначае, што цяпер праваахоўныя органы і спецслужбы могуць атрымліваць і супастаўляць тэлекамунікацыйныя дадзеныя з дадзенымі анлайн-сэрвісаў. Гэтыя паўнамоцтвы не абмежаваныя ніякімі разумнымі гарантыямі і не могуць быць аспрэчаныя ў судзе ў сілу іх утоенага характару і практычнай немагчымасці забяспечыць сёння справядлівы судовы разгляд у беларускіх судах.
Выданне Указа непасрэдна парушае абавязацельствы Беларусі ў галіне правоў чалавека, а менавіта права на свабоду ад адвольнага або незаконнага ўмяшання ў прыватнае жыццё і перапіску (артыкул 17 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах) і права на свабоду выказвання меркаванняў, уключаючы права прытрымлівацца свайго меркавання ( артыкул 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах).
Акрамя гэтага, накладанне такіх абавязацельстваў на беларускія кампаніі ІКТ сектара і пастаўшчыкоў анлайн-паслуг азначае, што ўсе аператары сувязі і пастаўшчыкі паслуг сувязі, а таксама ўладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў будуць мець дачыненне да парушэння правоў сваіх кліентаў, калі яны будуць выконваць Указ. Гэта значыць, гэты ўказ - чарговая сітуацыя ўцягвання дзяржавай бізнесу ў парушэнне правоў чалавека. Такая сітуацыя супярэчыць стандарту Кіруючых прынцыпаў ААН 2011 г. па бізнесе і правах чалавека і таксама абавязацельствам дзяржавы па стварэнні ўмоў для захавання правоў чалавека для прыватных актараў, якія дзейнічаюць пад яе юрысдыкцыяй.
У сувязі з гэтым, акрамя іншага, праваабаронцы асабліва просяць Рабочую групу ААН па бізнесе і правах чалавека:
-
звярнуцца да «БелГІЭ» (унітарнае прадпрыемства па нагляду за электрасувяззю, уладальнік і аператар сістэмы сачэння ў адпаведнасці з Указам) і акцэнтаваць іх увагу, што выкананне Указа прывядзе да масавых парушэнняў правоў чалавека;
-
звярнуцца да Міжнароднага саюза электрасувязі, які працуе з Беларуссю праз Міністэрства сувязі і інфарматызацыі і "Белтэлекам" - адну з трох дзяржаўных ІКТ-кампаній, якія валодаюць эксклюзіўным правам (дэ-факта дзяржаўнай манаполіяй) на пропуск міжнароднага трафіку ў Беларусь, з патрабаваннем выкарыстоўваць рычагі свайго партнёрства і паведаміць "Белтэлекам" аб непрымальнасці такіх дзеянняў;
-
зрабіць зварот да бізнэсу, які працуе ў/з Беларуссю з заклікам надаваць асаблівую ўвагу належнай абачлівасці ў галіне правоў чалавека (human rights due diligence) для выяўлення, ліквідацыі і/або мінімізацыі рызык для правоў чалавека, якія ўзнікаюць у выніку іх дзейнасці ў рэгіёне; а таксама з заклікам забяспечыць празрыстасць сваёй палітыкі і выканання запытаў уладаў на доступ да дадзеных карыстальнікаў.
Гэта азначае, што:
-
кампаніі, якія атрымліваюць такія запыты, павінны ўстрымлівацца ад іх выканання, калі законы, на якіх заснаваны запыты, не адпавядаюць прыдатным стандартам у галіне правоў чалавека;
-
кампаніям трэба пазбягаць захоўвання дадзеных на беларускіх серверах, улічваючы незаконнае ўмяшанне ў недатыкальнасць прыватнага жыцця з боку беларускіх уладаў;
-
кампаніі павінны захоўваць інфармацыю аб такіх запытах і адказах урада і ўключаць інфармацыю аб такіх запытах у свае справаздачы аб празрыстасці.
Таксама Беларускі Хельсінкскі Камітэт і Human Constanta асобна звярнуліся непасрэдна да Міжнароднага саюза электрасувязі з такімі ж патрабаваннямі, а таксама з патрабаваннем спыніць любое фінансаванне і/або супрацоўніцтва з "БелГІЭ" і "Белтэлекам".
Больш дэталяў пра “лічбавае сачэнне” і анлайн-цэнзуру ў нядаўняй сумеснай справаздачы Access Now и Human Constanta Digital dictatorship: authoritarian tactics and resistance in Eastern Europe and Central Asia.