Праваабаронцы заклікаюць да актывізацыі працы па імплементацыі рэкамендацый па выніках назірання за выбарамі

24.11.2016
Праваабаронцы заклікаюць да актывізацыі працы па імплементацыі рэкамендацый па выніках назірання за выбарамі

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" звяртаецца да нацыянальных і міжнародных экспертаў з заклікам да шырокага абмеркавання пытанняў імплементацыі рэкамендацый назіральнікаў па ўдасканаленні выбарчага заканадаўства Беларусі.

21 лістапада аналітыкі кампаніі прадставілі Выніковую справаздачу па назіранні за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання, якія прайшлі 11 верасня 2016 года. У справаздачы рэкамендуюцца змены ў выбарчае заканадаўства, якія, на думку незалежных назіральнікаў, дазволяць наблізіць беларускія выбары да міжнародных стандартаў, а таксама павысіць узровень даверу да вынікаў выбараў з боку грамадзянаў і міжнароднай супольнасці. Дадзеныя рэкамендацыі праваабаронцаў тычацца такіх працэдур як фармаванне выбарчых камісій, рэгістрацыя кандыдатаў, праца са спісамі выбаршчыкаў, фінансаванне кампаній кандыдатаў і ўмовы перадвыбарчай агітацыі, датэрміновае галасаванне і галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыкаў, падлік галасоў і судовае абскарджанне звязаных з выбарамі рашэнняў.

Большасць рэкамендацый гэтай справаздачы выносяцца нацыянальнымі назіральнікамі і экспертамі БДІПЧ АБСЕ па выніках кожных выбараў у Беларусі, але з прычыны іх невыканання застаюцца актуальнымі ўжо на працягу многіх гадоў. Перш за ўсё, гэта датычыцца працэдуры падліку галасоў і яе празрыстасці, фармавання выбарчых камісій, датэрміновага галасавання і правоў назіральнікаў. Паколькі пералічаныя пункты адлюстроўваюць сістэмныя праблемы ў выбарчым заканадаўстве краіны, практычная рэалізацыя гэтых рэкамендацый бачыцца праваабаронцам надзвычай важнай.

“Маніторынгавыя кампаніі, нацыянальныя і міжнародныя, і праводзяцца дзеля таго, каб вызначыць праблемныя моманты ў выбарчым заканадаўстве, якія не спрыяюць правядзенню свабодных і дэмакратычных выбараў, і выпрацаваць рэкамендацыі для ўдасканалення выбарчага працэсу. Таму для нас вельмі важна, каб праца з прадстаўленымі рэкамендацыямі ішла і каб улады прынялі неабходныя захады па іх імплементацыі ў заканадаўства. З свайго боку, мы максімальна гатовыя да камунікацыі з дзяржаўнымі органамі ў гэтым накірунку і плануем больш падрабязна распрацаваць рэкамендацыі адносна асноўных праблемных аспектаў”, - кажа аналітык кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Валянцін Стэфановіч.

Выніковая справаздача кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" будзе дасланая ў Цэнтральную выбарчую камісію, Палату прадстаўнікоў беларускага парламента, Вярхоўны Суд, а таксама міжнародным назіральным місіям Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы, Садружнасці Незалежных Дзяржаў. У якасці наступнага кроку праваабаронцы плануюць правядзенне тэматычнай канферэнцыі і разлічваюць на шырокае кола ўдзельнікаў, у тым ліку прадстаўнікоў міжведамаснай рабочай групы па разглядзе рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ па ўдасканаленні выбарчага працэсу і суб’ектаў, якія маюць права заканадаўчай ініцыятывы.

 Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары", якую праводзяць РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна", з'яўляецца незалежнай і не ставіць мэтай падтрымку палітычных партый і якіх-небудзь палітычных дзеячоў. Увесь выбарчы працэс назіральнікі ацэньваюць выключна зыходзячы з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ Беларусі можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні сваёй краінай.