Праваабаронцы звяртаюць увагу Спецдакладчыка ААН на новую базу дадзеных МУС

29.12.2020

Беларускі Хельсінкскі Камітэт праінфармаваў Спецыяльнага дакладчыка ААН па праве на недатыкальнасць прыватнага жыцця аб стварэнні Міністэрствам унутраных спраў адзінай базы дадзеных удзельнікаў пратэстаў.

У сваім звароце эксперты БХК звяртаюць увагу на тое, што паводле ініцыятараў стварэння базы — МУС Беларусі — у ёй будуць акумулявацца звесткі пра асобу удзельнікаў пратэстных акцый, адміністратараў і ўдзельнікаў Telegram-каналаў, у тым ліку звесткі пра пол, узрост, месца жыхарства і працы, вучобы, а таксама захапленні.

БХК звярнуў увагу спецдакладчыка на адсутнасць прававой асновы для стварэння падобнай базы дадзеных і яе выкарыстання для мэтаў, якія не адпавядаюць прынцыпам законнасці, неабходнасці і суразмернасці. Улічваючы той факт, што сярод сабраных дадзеных ёсць месцы працы, вучобы і нават захапленні, БХК выказаў асцярогу, што ўрад можа выкарыстоўваць гэтыя дадзеныя для кропкавага запалохвання людзей, каб перашкодзіць ім выказваць сваё меркаванне шляхам мірных пратэстаў.

БХК папрасіў спецыяльнага дакладчыка тэрмінова звязацца з беларускімі ўладамі, запытаць у іх поўную інфармацыю пра крытэры ўключэння ў згаданую базу дадзеных, мэты яе стварэння і тыпы дадзеных для збору, а таксама рэкамендаваць МУС адмовіцца ад рэалізацыі гэтай ініцыятывы.

Паводле свайго мандата Спецыяльны дакладчык па праве на недатыкальнасць прыватнага жыцця ажыццяўляе, апроч іншага, наступныя паўнамоцтвы:

  • збірае адпаведную інфармацыю, у тым ліку пра нацыянальную практыку і вопыт, вывучае тэндэнцыі, змены і праблемы, звязаныя з правам на недатыкальнасць прыватнага жыцця, і выносіць рэкамендацыі па забеспячэнні яго прасоўвання і абароны; 

  • збірае і рэагуе на інфармацыю, у тым ліку ад арганізацый грамадзянскай супольнасці; 

  • выяўляе магчымыя перашкоды для заахвочвання і абароны права на недатыкальнасць прыватнага жыцця, робіць адпаведныя прапановы і рэкамендацыі Савету па правах чалавека; 

  • паведамляе пра меркаваныя парушэнні права на недатыкальнасць прыватнага жыцця, дзе б яны ні адбываліся, у адпаведнасці з артыкулам 12 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкулам 17 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, у тым ліку і пра праблемы, абумоўленыя выкарыстаннем новых тэхналогій, прыцягвае ўвагу Савета па правах чалавека і Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека да сітуацый, якія выклікаюць асабліва сур'ёзную заклапочанасць;

  • прадстаўляе гадавую справаздачу Савету па правах чалавека і Генеральнай Асамблеі.