
У чарговую гадавіну прысуду вядомым праваабаронцам Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу і Уладзіміру Лабковічу праваабарончая супольнасць выступіла з заявай, у якой заклікае міжнародную супольнасць і патрабуе ад уладаў Беларусі распачаць усе магчымыя намаганні да таго, каб усе палітычныя зняволеныя ў Беларусі былі безумоўна вызваленыя і рэабілітаваныя.
Два гады таму быў вынесены прысуд чацвярым сябрам Праваабарончага цэнтра "Вясна".
За мірнае ажыццяўленне дзейнасці па абароне і прасоўванні правоў чалавека лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру, кіраўніку "Вясны" Алесю Бяляцкаму прызначана 10 гадоў пазбаўлення волі, віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу – 9 гадоў, Уладзіміру Лабковічу – 7 гадоў пазбаўлення волі; Дзмітрыю Салаўёву – 8 гадоў пазбаўлення волі (завочна).
Прысуд праваабаронцам стаў увасабленнем разбуральнай палітыкі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні да прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, уключаючы іншадумцаў і палітычных апанентаў улады. За час, які мінуў з пачатку выбарчай кампаніі 2020 года, больш за 3760 чалавек былі прызнаныя палітвязнямі, 1231 з іх знаходзяцца ў зняволенні да гэтага часу. Усяго па крымінальных абвінавачваннях да розных відаў пакарання асуджана больш за 7000 чалавек, дзясяткі тысяч людзей сутыкнуліся з адміністрацыйным пераследам. Цяпер у краіне на фоне палітычных рэпрэсій і ліквідацыі практычна дзвюх тысяч НКА не засталося ніводнай зарэгістраванай праваабарончай арганізацыі. Больш за сорак журналістаў і супрацоўнікаў СМІ знаходзяцца ў зняволенні.
Сур'ёзную заклапочанасць выклікаюць шматлікія выпадкі завочнага асуджэння праваабаронцаў і журналістаў па адвольных абвінавачваннях да пазбаўлення волі са штрафам.
Мы заяўлялі і зноў падкрэсліваем, што нашы калегі, уключаючы асуджаных па іншых абвінавачваннях Марыю Рабкову, Насту Лойку і Андрэя Чапюка, ажыццяўлялі выключна мірную дзейнасць па абароне правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі, гарантаваных Канстытуцыяй краіны і міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі ў галіне правоў чалавека. Мы разглядаем гадавіну вынясення прысуду праваабаронцам, у тым ліку лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру, як падставу нагадаць грамадскасці, уладам Беларусі, міжнароднай супольнасці і палітыкам аб непрымальнасці знаходжання каго б там ні было ў зняволенні па палітычных матывах, асабліва тых, хто па стане здароўя, у сілу ўзросту і іншых абставінаў адчуваюць асаблівыя пакуты і асабліва ўразлівыя.
Мы вітаем вызваленне кожнага і кожнай, хто знаходзіўся ў зняволенні па палітычных матывах незалежна ад прычын такога вызвалення. Мы ўпэўненыя, што, акрамя спынення несправядлівага зняволення, такія вызвалення палягчаюць фізічныя і маральныя пакуты людзей і іх блізкіх, а ў некаторых выпадках – літаральна азначаюць падаўжэнне або выратаванне жыццяў.
Мы падкрэсліваем:
- умовы ўтрымання людзей, якія пераследуюцца па палітычных матывах, у месцах пазбаўлення волі Беларусі ў большасці выпадкаў могуць быць кваліфікаваныя як жорсткае, бесчалавечнае і прыніжаючае годнасць абыходжанне і пакаранне (забароненае абыходжанне);
- сістэмны і масавы характар катаванняў і забароненага абыходжання;
- неаказанне медыцынскай дапамогі часта выкарыстоўваецца ўладамі як форма ціску на палітычных зняволеных;
- у месцах зняволення ўжо загінулі мінімум 7 палітвязняў, а некаторыя людзі (пра якія вядома) знаходзяцца ў крытычным стане;
- шэраг дзеянняў уладаў у рамках пераследу па палітычных матывах у сувязі выбарамі-2020 і пратэстамі, якія рушылі за імі, на думку ААН, могуць быць аднесены да злачынстваў супраць чалавечнасці.
Мы асабліва адзначаем, што каштоўнасць кожнага чалавечага жыцця – крытычна важная частка канцэпцыі правоў чалавека, на якой будуецца любое сапраўды дэмакратычнае грамадства ў процівагу аўтарытарным рэжымам. Каштоўнасць кожнага жыцця выцякае з уласцівай кожнаму чалавеку годнасці, што мае таксама сваё нарматыўнае замацаванне ва Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах 1966 г., Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў і асноўных свабод 1951 г., і ва ўстаноўчых дакументах Еўрапейскага Саюза.
Мы заклікаем міжнародную супольнасць і патрабуем ад уладаў Беларусі распачаць усе магчымыя намаганні да таго, каб усе палітычныя зняволеныя ў Беларусі былі безумоўна вызваленыя і рэабілітаваныя: права на жыццё, асабістую свабоду і недатыкальнасць, свабода ад катаванняў і іншых забароненых відаў абыходжання з'яўляюцца агульнапрызнанымі і неад'емнымі, іх абарона і захаванне з'яўляюцца абавязкамі дзяржаў па міжнародным праве.
Звяртаючыся да ўладаў Беларусі, заклікаем праявіць дальнабачнасць у пераадоленні нацыянальнага крызісу. Вызваленне палітвязняў можа стаць адпраўным пунктам да пачатку аднаўлення прававога характару беларускай дзяржавы, узмацнення суверэнітэту на фоне найскладанейшай геапалітычнай сітуацыі апошніх гадоў.
Адначасова мы працягваем заклікаць да ўзмацнення бескампраміснай барацьбы з беспакаранасцю за ўчыненні злачынстваў супраць чалавечнасці і іншых грубых і масавых парушэнняў правоў чалавека, умацаванню адпаведных механізмаў і інстытутаў глабальнага, рэгіянальнага і нацыянальнага ўзроўняў.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Беларускі Хельсінкскі Камітэт;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Беларускі ПЭН;
Lawtrend;
Прававая ініцыятыва;
Respect-Protect-Fulfill.