Расказваем, што адбываецца з Беларуссю ў рамках працэдуры УПА

3.11.2020

У панядзелак, 2 лістапада, у Савеце па правах чалавека ААН адбыўся разгляд дакладу Беларусі ў межах працэдуры ўніверсальнага перыядычнага агляду (УПА). СМІ паведамляюць, што раптам многія краіны ацанілі станоўча прагрэс Беларусі ў галіне правоў чалавека. Насамрэч нічога раптоўнага не здарылася: сярод краін, якія далі пазітыўныя ацэнкі, Сірыя, Венесуэла, Камбоджа, Кітай, КНДР, Егіпет, Іран і г.д.

Але паколькі да 2020 года УПА быў міжнародным механізмам, з якім дзяржава была найбольш гатова працаваць, мы хочам крыху растлумачыць, як менавіта ён працуе.

 

Што такое УПА і навошта ён патрэбны 

Раз на 4,5 гады кожная краіна-сябра ААН праходзіць працэдуру Універсальнага перыядычнага агляду — свайго кшталту іспыт, дзе даецца справаздача аб выкананні правоў чалавека. УПА абавязковы для ўсіх дзяржаў-членаў ААН, а не толькі для традыцыйных «троечнікаў» у галіне правоў чалавека. Гэты агляд арганізаваны па прынцыпе кансультацый раўнапраўных і ў большасці выпадкаў выглядае як абмен меркаваннямі і рэкамендацыямі паміж незалежнымі дзяржавамі.

На сесіі разглядаецца і пазіцыя дзяржавы, і пазіцыя НДА, якія заявілі свае даклады і рэкамендацыі. Напрыклад, да гэтай сесіі беларускія праваабаронцы падавалі рэкамендацыі двойчы: адзін раз паводле працэдуры, і яшчэ раз — як абнаўленне ў сувязі з выбарамі і поствыбарнай сітуацыяй.

Пасля краіна, якая праходзіць працэдуру агляду добраахвотна вызначае, якія з атрыманых рэкамендацый прыняць. Мяркуецца, што краіна прымае і выконвае рэкамендацыі добраахвотна, таму што гэта зробіць жыццё людзей лепшым. А паколькі агляд перыядычны (раз на 5 гадоў), ёсць магчымасць убачыць, ці выконвае краіна рэкамендацыі.

Аднак ў цэлым механізм УПА неідэальны. Трэба разумець, што краіны не заўсёды прымаюць дадзеныя ім рэкамендацыі або прымаюць рэкамендацыі агульнага плана — кшталту «пачаць рух да нечага» замест канкрэтнага «зрабіць». Ёсць краіны, якія карыстаюцца зручным выпадкам падтрымаць разгляданыя дзяржавы, а не аб'ектыўна ацаніць сітуацыю з правамі чалавека. Прыкладна гэта зараз і адбылося.

У той жа час, як паведамляецца на сайце ААН, 96 дзяржаў накіравалі Беларусі рэкамендацыі. Многія з іх засяродзіліся на нядаўніх прэзідэнцкіх выбарах і заклікалі ўлады адмовіцца ад «рэпрэсій у дачыненні да палітычных апанентаў і ўдзельнікаў пратэстаў». 

 

Што далей?

Пасля правядзення агляду так званая "тройка" дзяржаў, прызначаная Рабочай групай СПЧ (на гэтай сесіі — Афганістан, Мексіка і Судан), павінна падрыхтаваць выніковы дакумент, куды, акрамя кароткага падсумавання агляду, увойдуць заключэнні і рэкамендацыі, зробленыя дзяржавамі падчас агляду, а  таксама адказы Беларусі. Перад прыняццем выніковага дакумента Беларусі будзе прадастаўлена магчымасць выказацца. Таксама прадстаўнікі Рэспублікі Беларусь змогуць вырашыць, якія рэкамендацыі яны прымаюць да выканання, а якія — не.

У выніковым дакуменце (дакладзе Рабочай групы) адзначаюцца як рэкамендацыі, якія разгляданая дзяржава прыняла, так і адхіленыя рэкамендацыі. Пасля рабочая група накіроўвае даклад у Савет па правах чалавека, які разгледзіць і зацвердзіць даклад падчас чарговай сесіі — не раней за 18 студзеня наступнага года.

Пасля гэтага краіна ў найлепшым выпадку будзе прымаць меры па рэалізацыі прынятых рэкамендацый, а праваабаронцы — адсочваць гэты працэс.