19 ліпеня Беларускі Хельсінкскі Камітэт звярнуўся ў пракуратуру Мінска з нагоды праверкі ўмоў утрымання ў ЦІП і ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама (Акрэсціна), а таксама законнасці ўвядзення абмежаванняў на прыём перадач для затрыманых і адміністрацыйна арыштаваных. Праваабаронцы прасілі пракуратуру прыняць у межах кампетэнцыі неабходныя меры пракурорскага рэагавання (а менавіта, адмяніць як незаконнае абмежаванне прыёму перадач), а таксама правесці праверку ўмоў утрымання адміністрацыйна затрыманых і адміністрацыйна арыштаваных у ІЧУ і ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама.
Пракуратура Мінска пакінула гэты зварот без разгляду па сутнасці.
Паводле адказу, падпісанага начальнікам аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў пракуратуры Мінска Уладзімірам Крукоўскім, БХК не можа ставіць падобныя пытанні ў сваіх зваротах, бо арганізацыя не мае паўнамоцтваў накіроўваць звароты ў інтарэсах грамадзян. (Заўвага. БХК — у адпаведнасці з арт. 20 Закона «Аб грамадскіх аб'яднаннях” усё працуе не так).
У адказ на гэтую адпіску Беларускі Хельсінкскі Камітэт звярнуўся ў Генеральную пракуратуру.
У сваім звароце праваабаронцы адзначаюць, што на іх думку «пракуратура г. Мінска ўхіляецца ад выканання асноўных задач, ускладзеных на яе дзяржавай (а менавіта: забеспячэнне вяршэнства права, законнасці і правапарадку, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый, а таксама грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў)».
Праваабаронцы просяць Генпракуратуру:
-
прызнаць адказ пракуратуры Мінска незаконным і неабгрунтаваным;
-
абавязаць ніжэйшыя органы пракуратуры разгледзець па сутнасці зварот БХК; правесці праверку ўмоў утрымання адміністрацыйна арыштаваных і адміністрацыйна затрыманых асоб у ЦІП і ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама; правесці праверку законнасці прынятага рашэння аб абмежаванні прыёму перадач да аднаго разу на тыдзень; прыняць адпаведныя меры пракурорскага рэагавання па ліквідацыі парушэнняў законнасці ў названых установах; прыцягнуць да ўстаноўленай законам адказнасці асоб, вінаватых у парушэнні законнасці;
-
прыняць захады ў дачыненні да службовых асоб пракуратуры Мінска, якія ўхіляюцца ад разгляду звароту па сутнасці, што супярэчыць заканадаўству і спрыяе парушэнням правоў грамадзян, якія працягваюцца па сённяшні дзень.
Нагадаем, што ў час падачы нашага звароту прадстаўнік Генпракуратуры Дзмітрый Брылёў адказваў на пытанне журналіста Народнай Волі пра тое, як спыніць катаванні на Акрэсціна: «Мы, безумоўна, таксама адсочваем сродкі масавай інфармацыі, і я магу падзякаваць вам за гэты маячок, звернем увагу. Але калі журналіст звяртаецца — гэта крыху не тое. Зараз любую інфармацыю трэба пераправяраць, вельмі шмат фэйкаў. А закон аб звароце грамадзянаў ніхто не адмяняў, ён працуе. І той, хто канкрэтна пацярпеў, можа накіраваць зварот у адпаведныя органы. Іншае пытанне, чаму не адпраўляе. Не жадае або не мае падстаў? Трэба разбірацца... Я, вядома, паведамлю пра гэта сваім калегам, якія нагляд ажыццяўляюць. Але і самі людзі павінны паказаць, калі, у які перыяд часу, што ім не далі, у чым канкрэтна парушылі іх правы».
Пасля журналісты zerkalo.io апублікавалі гісторыі людзей, якія пісалі скаргі на ўмовы ўтрымання ў Мінску і Жодзіна. Падсумаваўшы, можна сказаць: па гэтых скаргах нічога не было зроблена.
P.s. У сваю чаргу мы раім грамадзянам, якія былі ў Акрэсціна і сутыкнуліся з невыноснымі ўмовамі, пісаць скаргі ў пракуратуру і патрабаваць правесці праверку адпаведнасці ўмоў утрымання закону.
Таксама звяртаем увагу, што заяўнік мае права знаёміцца з матэрыяламі праверкі па ўласнай скарзе. Рэкамендуем карыстацца гэтым правам, каб разумець, ці адбылася праверка. Так, напрыклад, можна звярнуцца з пісьмовым запытам аб тым, дзе і ў якім парадку вы можаце азнаёміцца з матэрыяламі праверкі. На такі запыт павінен быць дадзены афіцыйны адказ.
У выпадку грубых парушэнняў, у тым ліку прымянення фізічнага гвалту, варта патрабаваць узбуджэння крымінальнай справы.
БХК гатовы дапамагчы з складаннем падобных скаргаў. Пішыце на адрас [email protected]