Прыемнае супадзенне ў Брэсце. Там сталі прымаць перадачы для людзей у ІЧУ ў штатным рэжыме.
Нагадаем, што ў ліпені Беларускі Хельсінкскі Камітэт звярнуўся ў пракуратуру Мінска і Брэста з заклікам адмяніць абмежаванні прыёму перадач для людзей.
Паводле інфармацыі, якая знаходзіцца ў адкрытым доступе, прыём перадач для людзей, якiя ўтрымлiваюцца ў ЦІП і ў ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама «ў мэтах забеспячэння бяспекі і памяншэння рызыкаў, звязаных з распаўсюджваннем на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь COVID-19» на сённяшні дзень ажыццяўляецца адзін раз на тыдзень - у чацвер з 10:00 да 17:00.
Таксама вядома, што з 5 ліпеня 2021 г. "у сувязі з правядзеннем эпідэміялагічных мерапрыемстваў па захворванні каранавіруснай інфекцыяй» часова не ажыццяўляўся прыём перадач для людзей у ІЧУ Ленінскага РАУС г. Брэста.
Каротка пазіцыю праваабаронцаў можна выказаць словамі "шануйце ўласныя законы" і "не забывайце пра ўласныя міжнародныя абавязкі”.
Перапіска ў Мінску пакуль не прынесла плёну: пракуратура горада пакінула зварот праваабаронцаў без разгляду па сутнасці.
Аднак з Брэста прыйшлі добрыя навіны. Падчас разгляду звароту было ўстаноўлена, што ў ІЧУ ўводзіліся часовыя меры па прыпыненні прыёму перадач і на дадзены момант прыём перадач ажыццяўляецца ў штатным рэжыме. Такое вось прыемнае супадзенне.
Нагадаем, што нядаўна аналагічнае супадзенне адбылося і ў Жодзіна. Напачатку лютага БХК уздымаў падобнае пытанне датычна ІЧУ ў Жодзіна. Праз некаторы час там аднавілі прыём перадач.