12 лістапада ўлады Беларусі нанеслі ўдар па адной з найстарэйшых моладзевых арганізацыяў краіны: рэпрэсіўныя органы затрымалі лідэраў і актывістаў Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў (ЗБС), у кватэрах сябраў студэнцкага аб’яднання ды ў офісе арганізацыі адбыліся ператрусы.
Сярод тых, хто патрапіў пад рэпрэсіі – былыя і цяперашнія студэнты, прыхільнікі ЗБС: Ксенія Сырамалот, Алана Гебрэмарыям, Ягор Канецкі, Яна Арабейка і Кася Будзько. Затрыманая 12 лістапада ў Менску актывістка ЗБС і сябра Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі, прадстаўніца экс-кандыдаткі на пасаду прэзідэнта краіны Святланы Ціханоўскай у справах моладзі і студэнтаў Алана Гебрэмарыям прызнаная падазраванай у крымінальнай справе і знаходзіцца ў турме КДБ.
Вылучанае ў якасці падставы для затрымання і следчых дзеянняў у дачыненні да сябраў ЗБС падазрэнне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 342 Крымінальнага кодэксу (“Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх”) з'язўляецца відавочна безпадстаўным і ставіць гэтую справу ў адзін шэраг з сотнямі палітычна матываваных крымінальных спраў, што вядуцца цяпер уладамі Беларусі супраць апанентаў дзеючага аўтарытарнага рэжыму.
ЗБС – адна з найстарэйшых і найвядомейшых арганізацыяў беларускай моладзі. Задзіночанне паўстала як антыкамуністычная моладзевая арганізацыя напрыканцы 1980-ых гадоў, у часы ўмацавання дыктатуры Лукашэнкі яднала дэмакратычную моладзь на глебе супраціву аўтарытарнаму рэваншу, за што напачатку 2000-х гадоў было пазбаўленае юрыдычнай рэгістрацыі. Аднак арганізацыя выстаяла перад шматлікімі рэпрэсіямі і захавала здольнасць прыцягваць у свае шэрагі беларускую моладзь, для якой важныя каштоўнасці свабоды, дэмакратыі і правоў чалавека.
Цяпер, у 2020 годзе, беларускае грамадства абудзілася – і рэжым адказаў на гэтае абуджэнне рэпрэсіямі: звальненнямі з працы, адлічэннямі з вучобы, нематываваным гвалтам супраць пратэстоўцаў, збіцьцём, катаваннямі, арыштамі, штрафамі, крымінальнымі прысудамі, не спыняючыся нават перад адкрытымі забойствамі пратэстоўцаў. Рэжым перастаў зважаць нават на мінімальныя прававыя абмежаванні свавольства, адкрыта стаўшы на шлях беззаконня і тэрору супраць уласнага народу. Ціск і гвалт скіраваныя супраць усіх грамадзкіх інстытутаў, у тым ліку пад асобны ўдар патрапілі няўрадавыя арганізацыі. Сотні актывістаў НДА зазналі затрыманні, арышты, ператрусы, збіццё і катаванні.
Адмысловыя і жорсткія рэпрэсіі скіраваныя рэжымам супраць тых арганізацый, якія супрацоўнічаюць з Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі, вядуць праваабарончую дзейнасць, аказваюць дапамогу вязням і ахвярам рэпрэсіяў.
Беларуская студэнцкая моладзь бярэ чынны ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў і з'яўляецца адным з рухавікоў забастовачнага руху, які разгортваецца цяпер у Беларусі ў знак пратэстаў супраць гвалту і сістэмнага парушэння законнасці і правоў чалавека ў краіне.
У сукупнасці ўсе вядомыя абставіны справы ЗБС адназначна ўказваюць на тое, што пагром Задзіночання наўпрост звязаны з палітычнай актыўнасцю арганізацыі і яе лідэраў.
З улікам выкладзенага мы, прадстаўнікі праваабарончага руху Беларусі ды кааліцыйных і парасонавых аб’яднанняў Беларускай грамадзянскай супольнасці:
- выказваем рашучы пратэст супраць крымінальнага пераследу ды іншых формаў рэпрэсіяў у дачыненні да лідэраў, актывістаў ды прыхільнікаў Задзіночання Беларускіх Студэнтаў ды ўсіх іншых НДА, якія падпалі пад палітычны пераслед;
- падкрэсліваем, што дзейнасць ЗБС, Каардынацыйнай рады ды іншых грамадзкіх фармаванняў ды НДА з’яўляецца формай рэалізацыі свабоды асацыяцыяў (свабоды аб’яднанняў), і ў такой якасці знаходзіцца пад абаронай артыкула 36 Канстытуцыі Беларусі і артыкула 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах;
- заяўляем, што пераслед сябраў ЗБС мы разглядаем як праяву палітычных рэпрэсій, а саміх зняволеных мы ўважаем за палітвязняў;
- патрабуем неадкладнага вызвалення актыістаў ЗБС ды ўсіх іншых палітвязняў, а таксама спынення ўсіх узбуджаных крымінальных спраў супраць актывістаў няўрадавых арганізацыяў, журналістаў, блогераў, праваабаронцаў, валянцёраў, назіральнікаў ды іншых удзельнікаў мінулай выбарчай кампаніі;
- перасцерагаем улады ад далейшага разгортвання рэпрэсій і гвалту супраць грамадзянскай супольнасці, які супярэчыць нацыянальнаму заканадаўству, канстытуцыі і міжнародным абавязальніцтвам краіны ў галіне правоў чалавека;
- выказваем падтрымку актывістам ЗБС і зычым ім стойкасці ў выпрабаваннях, якая дапамагала ЗБС быць адной з найбольш трывалых арганізацый беларускай грамадзянскай супольнасці, здольнай да супраціву і разьвіцця, нягледзячы на розныя формы рэпрэсій, якія былі скіраваныя супраць яе;
- заклікаем усе структуры беларускай грамадзянскай супольнасці да салідарнасці з тымі арганізацыямі ды ініцыятывамі, якія патрапілі пад пераслед, да ўзаемнай дапамогі шляхам інфармацыйнай ды матэрыяльнай падтрымкі.
Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Беларускі кангрэс дэмакратычных прафзвязаў;
Беларуская нацыянальная платформа ФГУ УП, Сакратарыят;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА”;
РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт";
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
РГА "Прававая ініцыятыва";
ПЦ “Вясна”;
Простае таварыства “Ініцыятыва Forb”;
Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend);
Human Constanta.