У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай правабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:
Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі) і знявагу дзяржаўных сімвалаў:
- Руслан Ліннік – абвінавачаны і змешчаны пад варту па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады);
- Віктар Царыкевіч – асуджаны прысудам суда Мастоўскага р-на па ч.1 і 2 арт. 339 (хуліганства) і арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) на адзін год пазбаўлення волі;
- Ігар Капанайка – асуджаны прысудам суда Фрунзенскага р-на г. Мінска па ч.1 арт. 339 (хуліганства) і арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) на паўтары гады пазбаўлення волі, грамадзянін Расійскай Федэрацыі;
- Ян Рымараў – асуджаны прысудам суда Жлобінскага р-на па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) на два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўтсанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Юры Касцюк – асуджаны прысудам суда Ленінскага р-на г. Брэста па арт. 370 КК (знявага дзяжаўных сімвалаў) на адзін год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі Руслана Лінніка, Віктара Царыкевіча, Ігара Капанайку, Яна Рымарава, Юрыя Касцюка палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць палітвязняў Руслана Лінніка, Віктара Царыкевіча, Ігара Капанайку, Яна Рымарава, Юрыя Касцюка і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
- Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман канстанта";
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
"Ініцыятыва FORB";
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
РГА "Прававая ініцыятыва";
Беларускі ПЭН-цэнтр;
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт";
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.