Зварот у спецыяльныя працэдуры ААН у сувязі з парушэннем Рэспублікай Беларусь сваіх абавязацельстваў па правах дзіцяці

28.03.2022

Беларускі Хельсінкскі Камітэт накіраваў Спецыяльным дакладчыкам ААН па пытанні аб катаваннях, па пытанні аб свабодзе меркаванняў і іх свабодным выказванні, па пытанні аб праве на здароўе, па праве на недатыкальнасць прыватнага жыцця і па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі інфармацыю аб практыцы публічных арыштаў падлеткаў і публікацыі "пакаянных" відэа, удзельнікамі якіх у тым ліку з'яўляюцца дзеці. У звароце былі апісаны 3 выпадкі дэманстратыўнага затрымання падлеткаў пры іх аднагодках, а таксама прыведзены прыклады "пакаянных" відэа.

У накіраваным паведамленні мы звярнулі ўвагу на зневажаючы годнасць і траўміруючы псіхіку характар названых практык. БХК падкрэсліў, што ахвярамі ў гэтым выпадку з'яўляюцца дзеці – вельмі ўразлівая група, што ўзмацняе негатыўны эфект такіх “публічных пакаранняў”. Мы паказалі, што як затрыманыя падлеткі, так і тыя, хто вымушаны глядзець на публічныя затрыманні або "пакаянныя" відэа, могуць перажыць цяжкую псіхалагічную траўму, якая выклікае праблемы з сацыяльнай адаптацыяй і паўнавартасным развіццём, а таксама з фарміраваннем успрымання і ўсведамлення асабістай годнасці.

На думку БХК, гэтыя практыкі, у першую чаргу, з'яўляюцца парушэннем права на свабоду ад зневажальнага годнасць абыходжання (артыкул 37 Канвенцыі аб правах дзіцяці). Мы таксама звярнулі ўвагу на парушэнне права на прыватнасць (артыкул 16 Канвенцыі аб правах дзіцяці) і правы кожнага дзіцяці, які, як лічыцца, парушыў крымінальнае заканадаўства, абвінавачваецца або прызнаецца вінаватым у яго парушэнні, на абыходжанне, якое спрыяе развіццю ў дзіцяці пачуцця годнасці і значнасці, і якое ўмацоўвае ў ім павагу да правоў чалавека і асноўных свабод іншых (артыкул 40 Канвенцыі аб правах дзіцяці). У паведамленні было падкрэслена парушэнне права на адукацыю, якое таксама павінна быць накіравана на поўнае развіццё чалавечай асобы і стварэнне яе годнасці і павінна ўмацоўваць павагу да правоў чалавека і асноўных свабод (артыкул 29 Канвенцыі аб правах дзіцяці, артыкул 13 Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах).

Камітэт па правах дзіцяці таксама пацвярджаў недапушчальнасць такіх практык, адзначаючы, што матэрыялы спраў дзяцей павінны насіць строга канфідэнцыйны характар, а таксама што дзеці павінны быць абаронены ад публікацыі інфармацыі аб учыненых імі злачынствах.

БХК папрасіў спецыяльных дакладчыкаў звярнуцца да ўладаў Беларусі з напамінам аб неабходнасці павагі сваіх міжнародных абавязацельстваў, якія тычацца правоў дзіцяці, з заклікам спыніць дадзеныя практыкі і гарантаваць развіццё дзяцей ва ўмовах павагі чалавечай годнасці і правоў чалавека.