Звярнуліся ў пракуратуру ў сувязі з прыпыненнем перадач у ІЧУ Жодзіна

27.01.2021

Беларускі Хельсінкскі Камітэт звярнуўся ў Пракуратуру Мінскай вобласці ў сувязі з прыпыненнем прыёму перадач, уведзеным адміністрацыяй ІЧУ Жодзінскага ГАЎС УУС Мінаблвыканкама. 

Мы просім прыняць меры пракурорскага рэагавання па адмене ўведзеных адміністрацыяй ІЧУ Жодзінскага ГАЎС УУС Мінаблвыканкама зхадаў па прыпыненні прыёму перадач, што супярэчыць Канстытуцыі і іншым заканадаўчым актам Рэспублiкi Беларусь, а таксама міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека.

Нагадаем, што перадачы для адміністрацыйна арыштаваных перасталі прымаць 27 студзеня, патлумачыўшы гэта імкненнем знізіць рызыкі, звязаныя з COVID 19. На нашу думку, для памяншэння названых рызык існуюць іншыя спосабы. Напрыклад, Міністэрства аховы здароўя краіны рэкамендуе сацыяльнае дыстанцыяванне, часцей праветрываць і дэзінфікаваць памяшканні, прытрымлівацца рэспіраторнага этыкету, не есці з агульнага посуду і інш.

Таксама мы звяртаем увагу пракуратуры на наступныя аспекты (прыводзім некаторыя, поўны спіс у тэксце звароту):

— прыпыненне прыёму перадач з'яўляецца мерай, неадэкватнай заяўленай мэце, якая апроч іншага непрапарцыйна ўскладняе становішча адміністрацыйна затрыманых і арыштаваных. Паводле артыкула 25 Канстытуцыі ніхто не павінен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму абыходжанню або пакаранню, якое зневажае яго годнасць;

— мэтай адміністрацыйнага спагнання з'яўляецца выхаванне фізічнай асобы, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэнне, а таксама папярэджанне здзяйснення новых правапарушэнняў як самой фізічнай асобай, якія ўчыніла такое правапарушэнне, так і іншымі фізічнымі асобамі (арт. 6.1. КаАП), але не прычыненне яму маральных і фізічных пакут; 

—  наша краіна ратыфікавала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. Паводле артыкула 10 Пакта ўсе асобы, пазбаўленыя волі, маюць права на гуманнае абыходжанне і павагу годнасці, якая ўласціва чалавечай асобе.