#смяротнае пакаранне за дзяржздраду #смяротнае пакаранне за замах на злачынства #цела расстралянага не выдаюць для пахавання #грамадская думка
Беларусь — апошняя краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, якая прымяняе смяротную кару ў дачыненні да сваіх грамадзян.
Смяротнае пакаранне ажыццяўляецца праз расстрэл. Цела расстралянага не выдаюць сям'і.
Дакладную лічбу смяротных прысудаў, прыведзеных у выкананне за гады незалежнасці краіны, афіцыйныя крыніцы не называюць. Падлікі па ўскосных звестках паказваюць, што на смяротнае пакаранне былі асуджаныя і расстраляныя каля 350 чалавек. Асуджаных на пажыццёвае зняволенне на люты 2019 г. было больш за 160 чалавек.
Санкцыі больш як пятнаццаці артыкулаў Крымінальнага кодэкса прадугледжваюць смяротнае пакаранне, хоць і ніводны з іх не вызначае яго як адзінае магчымае пакаранне.
За апошнія 2 гады (2022 — 2023) спіс артыкулаў пашырыўся. Цяпер у краіне магчымае смяротнае пакаранне за дзяржздраду (паводле каментара Нацыянальнага сходу, такія змены ўводзяцца "ў мэтах аказання стрымальнага ўздзеяння на дэструктыўныя элементы, а таксама дзеля дэманстрацыі рашучай барацьбы са здрадай дзяржаве") і за замах на некаторыя злачынствы (каментары дзяржаўных СМІ сведчаць пра тое, што іх мэта - паўплываць на актыўнасць пратэстных дзеянняў супраць удзелу Рэспублікі Беларусь у агрэсіі Расіі супраць Украіны, выкарыстання інфраструктуры і тэрыторыі нашай краіны для спрыяння агрэсару).
#смяротнае пакаранне за дзяржздраду
25 сакавіка 2023 г. набыў моц Закон "Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці", які чарговы раз пашырыў сферу прымянення смяротнага пакарання. Згодна з дапаўненнямі ў артыкул 356 Крымінальнага кодэкса прадугледжваецца магчымасць пакарання смерцю за здраду дзяржаве, учыненую службовай асобай, якая займае адказнае становішча, службовай асобай, якая займае дзяржаўную пасаду, або асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайсковаслужбоўца.
Мы адзначаем, што грамадству не прадставілі дакладных абгрунтаванняў пашырэння смяротнага пакарання. Зыходзячы з каментару Нацыянальнага сходу, такія змены ўводзяцца "ў мэтах аказання стрымальнага ўздзеяння на дэструктыўныя элементы, а таксама дэманстрацыі рашучай барацьбы са здрадай дзяржаве". (...)
Мы асабліва занепакоеныя магчымасцю прымянення смяротнага пакарання ў якасці механізму палітычных рэпрэсій і запалохвання з мэтай задушэння свабоднага выказвання думкі і адкрытай нязгоды з дзейнай уладай. Адзін з прыкладаў палітычна матываванага выкарыстання артыкула 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве) - прысуд у дачыненні да вайсковаслужбоўца, капітана Ўзброеных Сіл Беларусі Дзяніса Урада, асуджанага на 18 гадоў за перадачу грамадска значнай інфармацыі аб выкарыстанні ўзброеных сіл для задушэння мірных пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.
#смяротнае пакаранне за замах на злачынства
27 красавіка 2022 года ў Крымінальны кодэкс былі ўнесеныя змены, якія прадугледжваюць магчымасць прымянення смяротнай кары за замах на некаторыя злачынствы. У прыватнасці, прапануецца прымяняць смяротную кару за падрыхтоўку і замах на злачынствы, прадугледжаныя часткай 2 артыкула 124 (Акт тэрарызму ў дачыненні да прадстаўніка замежнай дзяржавы або міжнароднай арганізацыі), часткай 3 артыкула 126 (Акт міжнароднага тэрарызму), часткай 3 артыкула 289 (Акт тэрарызму), часткай 2 артыкула 359 (Акт тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча) Крымінальнага кодэкса.
Мы адзначаем, што грамадству не прадставілі дакладных абгрунтаванняў неабходнасці пашырэння сферы прымянення смяротнага пакарання. Аднак каментары дзяржаўных СМІ сведчаць, што іх мэта - паўплываць на актыўнасць пратэстных дзеянняў супраць удзелу Рэспублікі Беларусь у агрэсіі Расіі супраць Украіны, выкарыстання інфраструктуры і тэрыторыі нашай краіны для спрыяння агрэсару. Пры гэтым неабходна ўлічваць, што жыхары Беларусі пазбаўленыя магчымасці выкарыстоўваць сваё законнае права аказваць уплыў на ўлады па такой важнай праблеме, якая непасрэдна закранае іх інтарэсы.
#каму не прызначаюць смяротнае пакаранне
Смяротнае пакаранне не можа быць прызначанае:
-
асобам, якія здзейснілі злачынства да васямнаццаці год;
-
жанчынам;
-
мужчынам, якія дасягнулі да дня прысуду шасцідзесяці пяці год.
Такім чынам, на смяротнае пакарання ў Беларусі могуць быць асуджаныя і замежныя грамадзяне (гл. справу Рыка Крыгера ў 2024 г.).
#цела расстралянага не выдаюць для пахавання
Смяротнае пакаранне ў Беларусі традыцыйна ахутанае таямніцай. Цела расстралянага не выдаюць сям'і для пахавання, пра месца яго пахавання не паведамляюць. Нявыдача цела для пахавання з'яўляецца дадатковым траўматычным чыннікам для сям'і. Пра месцы пахавання ходзяць розныя чуткі, часцей за ўсё называюць Паўночныя могілкі. Некаторыя сваякі расстраляных, калі аператыўна даведаліся аб прывядзенні прысуду ў выкананне, аб'язджаюць усе гарадскія могілкі ў пошуках свежых магіл у надзеі пазнаць "сваю" магілу. Вядома, што так магілу шукала маці расстралянага Андрэя Жука, Святлана Жук.
Гэтая практыка яшчэ ў 2003 г. прызнаная Камітэтам па правах чалавека ААН бесчалавечнай у дачыненні да сваякоў пакараных (справы «Бандарэнка супраць Беларусі», «Ляшкевіч супраць Беларусі»). Камітэт запатрабаваў ад краіны выправіць парушэнні. Аднак Беларусь праігнаравала свае абавязальніцтвы.
#прысуды
Дакладная лічба невядомая. Прыблізна каля 350 чалавек.
Паводле інфармацыі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, з 1990 па 2011 год былі асуджаныя да пакарання смерцю ў Беларусі 326 чалавек (звесткі па прысудах, якія набылі законную моц) — паводле www.eurocenter.by.
Афіцыйны сайт Міністэрства ўнутраных справаў падае наступную інфармацыю пра колькасць асуджаных да смяротнага пакарання:
З паведамленняў у СМІ вядома, што:
-
1999—2003 гг. — пакаралі смерцю «не больш за 7 чалавек» (пра гэта заявіў кіраўнік МУС Навумаў у інтэрв'ю газ. "Советская Белоруссия" ў лістападзе 2004 г.).
-
2004 г. — пакаралі смерцю 5 чалавек (пра гэта заявіў кіраўнік МУС Навумаў у інтэрв'ю газ. "Советская Белоруссия" ў лістападзе 2004 г.)
-
2005 г. — 2 чалавекі (вядома аб вынесеных прысудах, але не аб прывядзенні ў выкананне)
-
2006 г. — асуджана 9 чалавек да смяротнага пакарання, 7 чалавек да пажыццёвага зняволення (вынесеныя прысуды). Гэтыя прысуды будуць прыводзіцца ў выкананне цягам некалькіх гадоў. Рост колькасці вынесеных смяротных прысудаў і пажыццёвых зняволенняў абумоўлены тым, што ў 2006 г. Вярхоўны Суд, Гомельскі абласны суд, а таксама ваенныя суды разгледзелі шэраг аб'ёмных крымінальных справаў у дачыненні да злачынных груп і арганізацый з колькасцю абвінавачаных да 48 чалавек (знакамітая справа банды Марозава.).
-
2009 г. — 2 прысуды: Жук А. і Юзэпчук В. Пакаранне ў 2010 г. Злачынствы здзейсненыя незалежна адно ад аднаго. Прысуды прыведзеныя ў выкананне.
-
2010 г. — 3 прысуды: Бурдыка А. і Грышкаўцоў А. (звязаныя злачынствы), Мялік І. (набыў моц у 2011 г.). Прысуды ў дачыненні да Бурдыкі і Грышкаўцова прыведзеныя ў выкананне.
-
2011 г.— 2 прысуды : Уладзіслаў Кавалёў і Дзмітрый Канавалаў (расстраляныя) Таксама ў 2011 г. набыў моц прысуд І.Мяліку (статус не вядомы), такім чынам у некаторых крыніцах — у 2011 г. 3 смяротныя прысуды.
-
2012 г. — смяротных прысудаў не выносілі.
-
2013 г. — вынесеныя 4 смяротныя прысуды. Асуджаныя: Аляксандр Груноў (расстраляны), Рыгор Юзэпчук (расстраляны), Павел Сялюн (расстраляны), Эдуард Лыкаў (расстраляны).
-
2014 г. — смяротных прысудаў не выносілі.
-
2015 г. — вынесеныя 2 смяротныя прысуды. Асуджаныя: Іван Кулеш (расстраляны) і Сяргей Іваноў (расстраляны).
-
2016 г. — вынесеныя 3 смяротныя прысуды. Асуджаныя: Генадзь Якавіцкі (расстраляны), Сяргей Хмялеўскі (расстраляны), Сяргей Вострыкаў (расстраляны).
-
2017 — вынесеныя 5 смяротных прысудаў. Асуджаныя: Аляксей Міхаленя (расстраляны), Ігар Гершанкоў (расстраляны), Сямён Беражны (расстраляны), Кірыл Казачок (расстраляны), Віктар Летаў (расстраляны).
-
2018 — вынесеныя 2 смяротныя прысуды. Асуджаныя: Аляксандр Жылькоў (расстраляны), Вячаслаў Сухарка (верагодна расстраляны).
-
2019 — вынесеныя 3 смяротныя прысуды. Асуджаныя: Аляксандр Асіповіч (расстраляны 17 снежня 2019 г.), Віктар Паўлаў (расстраляны 13 мая 2021 г.), Віктар Сергель.
-
2020 — вынесеныя 3 смяротныя прысуды. Асуджаныя: Станіслаў Косцеў, Ілья Косцеў (браты; памілаваныя; смяротная кара замененая на пажыццёвае зняволенне), Віктар Скрундзік (расстраляны 16 ліпеня 2022 г.)
-
2021 — інфармацыя будзе абноўленая пазней.
-
2022 — смяротных прысудаў не выносілі.
-
2023 — Аляксандр Таратута.
-
2024 — Рыка Крыгер (Rico Krieger), грамадзянін Германіі.
#пажыццёвае зняволенне
Паводле звестак на люты 2019 г. у краіне пажыццёвае зняволенне адбывалі больш за 160 чалавек. Такую лічбу прывёў старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала ў праграме "Размова ў прэзідэнта" на тэлеканале "Беларусь 1".
Пажыццёвае зняволенне было ўведзенае ў Беларусі ў 1997 годзе. Такім чынам, падчас правядзення рэферэндуму 1996 года такой альтэрнатывы смяротнаму пакаранню яшчэ не існавала.
Па законе, пасля адбыцця дваццаці гадоў асобай, асуджанай да пажыццёвага зняволення, або асобай, якой пакаранне смерцю ў парадку памілавання замененае на пажыццёвае зняволенне, суд, улічваючы паводзіны асуджанага, стан яго здароўя або ўзрост, можа замяніць далейшае адбыванне пажыццёвага зняволення пазбаўленнем волі на пэўны тэрмін, але не болей за пяць гадоў. На 2024 г. не вядома аб падобных выпадках.
#памілаванне
Асуджаны можа прасіць памілавання ў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У выпадку памілавання смяротнае пакаранне замяняецца на пажыццёвае зняволенне. Колькасць памілаваных дакладна невядомая. Публічнай стала толькі справа братоў Косцевых, Станіслава і Іллі (памілаваныя ў 2021 г.).
#грамадская думка
На гэты момант з упэўненасцю мы можам спаслацца толькі на звесткі даследавання ў 2013-2014 гг.
Каротка:
Беларусь: Колькасць прыхільнікаў руху за адмену смяротнай кары перавысіла колькасць праціўнікаў. Адмяніць смяротнае пакаранне, увесці мараторый, ісці да адмены хочуць 43,3%; пакінуць у цяперашніх рамках або пашырыць — 41,9%.
Узровень інфармаванасці нізкі і працягвае падаць. 37,3% апытаных не ведаюць, што ў краіне дзейнічае смяротная кара.
Беларусы адпрэчваюць адказнасць за смяротную кару. Толькі 9,3 працэнта грамадзянаў лічаць, што народ прымае рашэнне аб захаванні смяротнай кары. І толькі 5,6% апытаных думаюць, што народ нясе адказнасць за выкананне смяротных прысудаў.
#пазіцыя belhelcom
Часта, гаворачы пра смяротнае пакаранне, людзі засяроджваюцца на двух аспектах: судовай памылцы (таму смяротнага пакарання не павінна быць) або на злачынцы і яго страшным злачынстве (такія страшныя людзі павінны быць пакараныя). Апеляцыя да судовай памылкі вельмі важная. Аднак давайце зробім наступны крок і ўявім, што мы атрымалі ідэальнае правасуддзе, дзе нібыта немагчымыя памылкі. Ці азначае гэта згоду са смяротным пакараннем?
Таксама эмацыйна зразумелы фокус на злачынцы. Аднак Беларускі Хельсінкскі Камітэт нагадвае, што смяротнае пакаранне — гэта яшчэ і праблема таго, як змяняецца правасуддзе і атмасфера ў грамадстве, што адбываецца з добрым грамадзянінам, калі ў ягонай краіне ёсць смяротнае пакаранне.
Мы паслядоўна выступаем за скасаванне смяротнай кары на карысць іншага — несмяротнага пакарання, у выглядзе пажыццёвага зняволення.
Кожнае злачынства павінна быць пакараным.
Але не за кошт нашай унутранай чысціні, нашага "я".
Мы адмаўляемся ад смяротнага пакарання на карысць пажыццёвага зняволення не таму, што абыякавыя да злачынства. Адказнасць непазбежная. Кара смерцю заўсёды застаецца карай смерцю, нават калі яна несмяротная.
Але мы не караем сябе.
Не караем сябе самым страшным, самым недапушчальным, самым няўхільным злом — забойствам.
Бо мы людзі.