Экспертная місія па ацэнцы рэферэндуму ажыццяўляецца Беларускім Хельсінкскім Камітэтам і Праваабарончым цэнтрам "Вясна" ў межах кампаніі. "Праваабаронцы за свабодныя выбары".
Агульныя высновы
- Тэрытарыяльныя камісіі па правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь (далей - ТК) - адзін з важных механізмаў правядзення рэферэндуму ў адпаведнасці з міжнароднымі прынцыпамі свабодных і дэмакратычных выбараў і нацыянальным выбарчым заканадаўствам;
- Згодна з дзеючым выбарчым заканадаўствам, фармаванне ТК адносіцца да кампетэнцыі мясцовых органаў улады;
- Суб'ектам, якія ў адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам маюць права вылучыць сваіх прадстаўнікоў у ТК, быў прадастаўлены экстрэмальна кароткі тэрмін - адзін поўны працоўны дзень, што магло сур'ёзна паўплываць на працэс вылучэння;
- Асноўную колькасць вылучэнцаў у ТК склалі прадстаўнікі 5 праўрадавых арганізацый - РГА "Белая Русь", РГА "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі", РГА "Беларускі саюз жанчын", Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў, ГА "Беларускі фонд міру" і прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі. Усе яны вылучылі 964 прадстаўнікоў - 95,5% ад прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў і амаль 50% ад усіх прэтэндэнтаў на месцы ў камісіях. Роля вылучэнцаў ад палітычных партый застаецца невысокай - 120 чалавек або 6,2% ад усіх вылучаных;
- Большую частку сябраў ТК склалі прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў – 1010 чалавек, або 54,39%. У ТК былі ўключаны 99,17% прадстаўнікоў пяці праўладных грамадскіх аб'яднанняў і прафсаюзаў ад агульнай колькасці вылучаных гэтымі суб'ектамі;
- З 20 прэтэндэнтаў ад апазіцыйных партый у склад ТК не ўвайшоў ні адзін. У той жа час у ТК уключаны 74,16% прадстаўнікоў праўладных палітычных партый ад агульнай колькасці вылучаных, 90% з іх - сябры Камуністычнай партыі Беларусі. Гэта сведчыць аб захаванні дыскрымінацыйных падыходаў у дачыненні да апазіцыйных палітычных партый і незалежных грамадскіх аб’яднанняў пры фармаванні выбарчых камісій.