РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” звярнулася да генпракурора Рэспублікі Беларусь Рыгора Васілевіча з просьбай абагульніць практыку разляда скаргаў грамадзянаў на незаконныя дзеянні па дактыласкапаванні, звязаныя з выкананнем Распараджэння міністра ўнутраных спраў У.У. Навумава ад 26.08.2008 г. № 103 “Аб арганізацыі ўзаемадзеяння з Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь па дактыласкапаванні ваеннаабавязаных грамадзянаў” з дадаткам № 1, і прыняць захады па адмене распараджэння як незаконнага. Праваабаронцы просяць даць прававую ацэнку дзеянням міністра ўнутраных справаў У.У. Навумава і пры наяўнасці дастатковых падставаў узбудзіць супраць яго крымінальную справу па прыкметах злачынства, прадугледжанага арт. 426 КК Рэспублікі Беларусь. Па меркаванні юрыстаў БХК, дзеянні міністра відавочна перавышаюць межы прадстаўленых яму правоў і паўнамоцтваў і цягнуць за сабой шкоду правам і законным інтарэсам грамадзянаў альбо дзяржаўным і грамадскім інтарэсам. У БХК працягваюць паступаць скаргі грамадзянаў на дзеянні органаў міліцыі і службовых асобаў па прымусовым дактыласкапаванні . Усе заяўнікі падкрэсліваюць недабраахвотны характар працэдуры: іх выклікалі позвамі ў РАУС, ваенныя камісарыяты, і там, запалохваючы і пагражаючы, патрабавалі здаць для даследавання адбіткі пальцаў і далоняў. Пракуроры не рэагавалі належным чынам на скаргі грамадзянаў.
Як стала вядома БХК, дадзеныя мерапрыемствы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь агранізуюцца і праводзяцца згодна з Распараджэннем міністра унутраных справаў У. У. Наумава ад 26.08.2008 г. № 103 “Аб арганізацыі ўзаемадзеяння з Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь па дактыласкапаванні ваеннаабавязаных грамадзянаў” з дадаткам № 1. Дакумент адрасаваны выключна службовым асобам, што ўваходзяць у сістэмы МУС, і накіраваны на арганізацыю атрымання дактыласкапічных і біалагічных дадзеных для параўнаўчага даследвання сярод грамадзянаў ва ўзросце ад 18 да 55 год.
Прымусовы характар дактыласкапавання, якое ажыццяўляецца згодна з Распараджэннем міністра унутраных спраў, вынікае з указанняў, што змешчаныя ў дадатку № 1, у якім прадпісавецца парадак правядзення дактыласкапавання ваеннаабавязаных грамадзянаў. У прыватнасці, у ім прадугледжваецца арганізацыя дастаўкі не з’явіўшыхся па позве ў ваенныя камісарыяты, вынятка ў іх паралельна з дактыласкапаваннем біалагічных дадзеных для параўнаўчага аналіза ды іншыя захады. У выпадку, калі даставіць грамадзяніна немагчыма, прапаноўваецца дзеля дасягнення максімальнай эфектыўнасці запланаваных мерапрыемстваў правядзенне праверак у адносінах да грамадзян намаганнямі крымінальнага вышуку і падраздзяленняў па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. Вядомыя шматлікія затрыманні і зняволенні асобаў для прымусовага дактыласкапавання і выняцця біалагічных дадзеных для даследвання.
Варта адзначыць, што указаныя ў Распараджэнні і дадатку да яго працэдуры відавочна не падпадаюць пад дзеянне Закона “Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгтстрацыі” (у рэдакцыі ад 17.07.2006) і Загада Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18.11.2004 № 565 (у рэдакцыі ад 05.04.2006), якія вызначаюць парадак ажыццяўлення дабраахвотнай і абавязковай дактыласкапічнай рэгістрацыі.
У той жа час гэтыя мерапрыемствы ажыццяўляюцца і праводзяцца не ў рамках крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, бо не адпавядаюць арт. 234 КПК (атрыманне ўзораў для параўнаўчага даследвання).
Такім чынам, правы грамадзянаў, гарантаваныя Канстытуцыяй і заканадаўствам, прынятым на яе аснове, не забяспечваюцца.
Поўны тэкст звароту РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” да Генпракурора спадара Г.А. Васілевіча.
Распараджэнне міністра унутраных справаў У.У. Наумава ад 26.08.2008 № 103 “Аб арганізацыі ўзаемадзеяння з Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь” па дактыласкапаванні ваеннаабавязаных грамадзянаў (1,2) з дадаткам № 1 (1,2).