Прапановы да праекта Закона «Аб нарматыўных прававых актах»

15.06.2018
У Палаце прадстаўнікоў рыхтуецца да другога чытання праект Закона «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь». Беларускі Хельсінкскі Камітэт накіраваў у Палату прадстаўнікоў прапановы да дадзенага праекту. Прапановы накіраваныя на павышэнне празрыстасці працэсу падрыхтоўкі і апублікавання праектаў нарматыўных прававых актаў.
 
Сутнасць прапаноў:
  • Пашырыць пералік нарматыўных прававых актаў, якія падлягаюць публічнаму абмеркаванню. Мы прапанавалі ўключыць у пералік такіх актаў праекты заканадаўчых актаў і пастаноў урада, якія датычацца правоў, свабод і абавязкаў грамадзян. У праекце ж прапануецца, каб такія акты падлягалі абавязковаму абмеркаванню, калі яны вызначаюць новыя, альбо прынцыпова змяняюць існуючыя падыходы да прававога рэгулявання ў пэўнай сферы грамадскіх адносін.
  • Прымаць нарматыўныя прававыя акты, якія закранаюць правы і свабоды грамадзян, на дзвюх дзяржаўных мовах.
  • Адным з крытэраў ацэнкі адпаведнасці праекта нарматыўнага прававога акта Канстытуцыі пры правядзенні юрыдычнай экспертызы павінен быць крытэр недыскрымінацыі і захавання прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам.
  • Законапраекты павінны публікавацца ў абавязковым парадку. Праект закона не ўтрымлівае яснага і выразнага замацавання абавязковасці ўключэння законапраектаў у банк дадзеныхпраектаў законаў.
 
Неабходна адзначыць, што ў цяперашні час многія праекты нарматыўных прававых актаў не публікуюцца аж да іх прыняцця, абгрунтаванне неабходнасці прыняцця акта недаступна нават экспертнай супольнасці. Прыняцце нашых прапаноў выправіць гэты недахоп і дазволіць зрабіць нарматворчы працэс больш празрыстым. Гэта дасць магчымасць павысіць якасць і эфектыўнасць прымаемых законаў.