Пракуратура адмовілася разглядаць па сутнасці зварот БХК* па спаленай вёсцы Паўлавічы

У пачатку снежня шырокі рэзананс набыла гісторыя пра вёску, якая была у экстраным парадку спаленая у Віцебскай вобласці. БХК* звярнуўся ў пракуратуру Віцебскай вобласці з просьбай аб правядзенні праверкі па дадзеным факце. Аднак пракуратура абмежавалася фармальнай «адпіскай», агульны сэнс якой зводзіцца да таго, што БХК не валодае паўнамоцтвамі для падобнага звароту.

Вось як пісала пра інцыдэнт у Паўлавічах «Народная Воля»:

«На ўскраіне Віцебска ... спалілі вёску. Улады кажуць, што ўсё па закону. Што з 1992 года фармальна гэтай вёскі проста не існуе, таму што людзям далі гарадскія кватэры, а землю перадалі «Віцебскэнерга» для будаўніцтва ТЭС.

У той жа час людзі кідаліся пад бульдозеры і экскаватары: «Гэта нашы дамы, наша маёмасць, нашы сады. Дайце хоць бы месяц на высяленне».
Не далі. Што не вывезлі - пайшло ў вогнішча...»

Старшыня юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла падрыхтаваў кароткае заключэнне па гэтай справе.

Вось вытрымкі з заключэння:

«Не выключана, што хтосьці самавольна заняў пустуючыя жылыя дамы ў вёсцы Паўлавічы і пражываў у іх да гэтага часу. У такім выпадку гэтыя асобы з усімі, хто сумесна пражывае, у тым ліку непаўналетнімі, могуць быць выселеныя па рашэнні суда без прадастаўлення іншага жылога памяшкання (арт. 41 ВК).

Варта мець на ўвазе, што ўсе спрэчкі маёмаснага характару юрыдычна зацікаўленымі асобамі вырашаюцца ў судзе, і прадстаўнікі ўлады абавязаны былі растлумачыць і дапамагчы грамадзянам вырашыць падобныя спрэчкі, прыйшоўшы да ўзаемнай згоды ці ж па суду».

Беларускі Хельсінкскі Камітэт звярнуўся ў пракуратуру Віцебскай вобласці з просьбай аб правядзенні пракурорскай праверкі па факце знішчэння маёмасці ў вёсцы Паўлавічы.

Ў адказ намеснік пракурора вобласці заявіў, што «падстаў для разгляду вашых довадаў па сутнасці не маецца», так як «няма звестак аб тым, што хто-небудзь з жыхароў вёскі Паўлавічы звяртаўся ў РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» за аказаннем дапамогі ў абароне парушаных правоў або дадзенае грамадскае аб'яднанне выступае прадстаўніком гэтых грамадзян».

Цяпер праваабаронцы паскардзіліся на падобны адказ пракурора ў Генпракуратуру, Камітэт дзяржкантролю і Адміністрацыю прэзідэнта.

Як адзначыў Гары Паганяйла, «падобны разгляд звароту з'яўляецца ўзорам фармальнага стаўлення да справы, парушае правы грамадскага аб'яднання на статутную гуманітарную дзейнасць у абарону публічнага (грамадскага) интарэса, а таксама патрабаванні Закона «Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь».

Згодна з гэтым Законам, «праверкі выканання заканадаўства праводзяцца на падставе паведамленняў і іншых дадзеных аб парушэннях законнасці, якія патрабуюць непасрэднага пракурорскага рэагавання». Закон не абмяжоўвае, ад каго і на падставе чаго накіраваны зварот. Любая асоба ў мэтах забеспячэння законнасці мае права звярнуцца да любых службовых асобаў, у паўнамоцтвы якіх уваходзіць ажыццяўленне адпаведнага кантролю.


Дакументы па справе:

Юрыдычны каментар па сітуацыі са знішчэннем маёмасці ў вёсцы Паўлавічы.

Зварот БХК у пракуратуру Віцебскай вобласці.

Адказ намесніка пракурора.

Скарга на фармалізм пры разглядзе звароту.


*Поўная статутная назва РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт", тут і ў іншых тэкстах таксама БХК і Беларускі Хельсінкскі Камітэт.